|
Музыка моўнага рэзыстансу
Эсэ-агляд
“Дзяржава музыкі” ці музыка дзяржавы?
Знакаміты французскі культуроляг А. Моль у сваёй кнізе “Сацыядынаміка культуры” (1967) назваў сьвет музычнай творчасьці "дзяржавай музыкі", а слухачоў, кампазытараў, музыкаў і тых, хто тэхнічна забясьпечвае стварэньне і жыцьцё музычных твораў -- яе грамадзянамі. Моль між іншым адзначыў, што "культура -- гэта інтэлектуальны аспэкт штучнага асяродьдзя, якое чалавек стварае ў часе свайго сацыяльнага жыцьця." Калі гэтыя пастуляты суаднесьці з рэчаіснасьцю ў краіне, то можна заўважыць, што нашая "музычная дзяржава" разьяднаная, як разьяднаная сама Беларусь. Менавiта існаваньнем тут тыпова беларускіх парадыгмаў, кшталту "чэсны" і "нячэсны". З аднаго боку, "чэсныя" ўсімі магчымымі сродкамі навязваюць свае стандарты разуменьня беларускай рэчаіснасьці, у тым ліку і ў беларускай папулярнай музыцы. Але, як заўважыў пачынальнік структуралізму Ралан Барт, "густ зьяўляецца служкам двух гаспадароў -- маралі і эстэтыкі". І калі адсутнічае адзін з чыньнікаў гэтага адзінства, густ ператвараецца ў свой антыпод. Паколькі мараль пакінула сфэру творчасьці нават больш-менш таленавітых беларускіх выканаўцаў на службе ва ўладаў (аб гэтым сьведчыць іх адмова ад беларускай мовы -- найвялікшага скарбу нацыі), а іх эстэтыка зьвялася да малпаваньня чужога, то на экранах нашых тэлевізараў, з прыймачоў мы чуем i бачым адзін вынік -- паток пошласьці, упакаванай у абгортку "крэатыўнасьці", якая правакуе бадай толькі шызоідныя музычныя галюцынацыі ў "гопніцкай" (тых, хто агрэсыўна выяўляе прыхільнасьць да “лахоўскай” мас-культуры...) часткі аўдыторыі. Вынікі гэтага працэсу мы добра пабачылі на сьвяткаваньні сёлетніх Калядаў на Кастрычніцкай плошчы і шмат на якіх масавых святах з удзелам “зорак беларускай эстрады”, калі прыхільнікі тутэйшай расейскай папсы ператваралі сваю сталіцу ў суцэльны сметнік...
Назіраючы гэты антыкультурны вэрхал, а таксама тое, з якой вар’яцкай аднабаковасьцю гэтыя шэрыя мастацкія і музычныя стандарты прадукуюцца тэлевізіяй, FM-радыё, дзяржаўнымі студыямі, эстраднымі тэатрамі, друкаванымі сродкамі масавай інфармацыі, падносяцца беларускім слухачам як нацыянальнае мастацтва, то падсьвядома пачынаеш разумець, што мы ў Беларусі маем справу з таталітарнай папсой, як сацыя-культурным фэномэнам. (Каб залішне не палітызаваць матэрыял аўтар просіць тэрмін “таталітарны” адносіць толькі да разглядаемай музычнай з’явы. Іншае ж пакінем палітолагам!). Яе відавочныя асаблівасьці можна пабачыць на ўласныя вочы ў шматлікіх тэлепраграмах, галоўныя героі якіх дрэйфуюць ад адной перадачы да другой, калі адна “зорка” бярэ інтэрвію ў другой аналягічнай “зоркі”, а пасьля ў іншы тэлечас яны мяняюцца месцамі (як гэта робіцца , напрыклад, у праграмах “Вот такие пироги” на БТ, “Большой завтрак” і “Большая музыка” на СТВ і г. д. ). Абойме гэтых выканаўцаў не прапануецца аніякай альтэрнатывы і гэта іх робіць “недатыкальнай кастай” для крытыкі, прынамсі, ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Чаго вартае, напрыклад, запрашэньне да ўдзелу ў тэлепраграме “Наши новости” слабага ў выканаўчым пляне падлеткавага трыо “Черника” і камплемэнтарнае інтэрвію з ім вядучага Аверкава!
Што ж тычыцца “беларуского шоу-бизнеса”, як апоры тутэйшай таталітарнай папсы, то ён ужо даўно падпарадкаваны законам “рыначнага сацыялізму” з яго сацыяльнымі гарантыямі, падтрымкай тых, хто не патрапіў у “чорныя сьпісы” забаронаў... Іх канцэрты ідуць з максымальнай падтрымкай дзяржаўных структураў, БРСМ. Вось як на калегіі Адміністрацыі Прэзыдэнта яе галава Віктар Шэйман ахарактарызваў задачы арганізацыі: “Популяризация белорусской культуры и искусства особенно важна на этом этапе развития нашего молодого, независимого государства”. Якую “белорусскую” культуру яны маюць на ўвазе, мы добра бачым і на “Славянскім базары”, і ў “Песьні года Беларусі”, і ў “Серебряном грамафоне”... А відовішчам такога кшталту патрэбна масавасьць. Таму Віктар Шэйман і нагадвае функцыянэрам БРСМ: “Государство вложило в БРСМ много сил и средств и ожидает от этой организации соответствующей отдачи” (“Советская Белоруссия» №180, 17.09.2005 г.).
Для выканаўцаў з гэтай абоймы ствараюцца самыя льготныя ўмовы для запісу, для выступаў... Уся дзяржаўная машына нібыта гаворыць астатнім выканаўцам: “Рабіце выснову -- падтрымлівайце ўладу, гадуйце сваёй музыкай сапраўдных патрыётаў, у тым сэнсе, які задавальняе нас!”
Калі Канфуцый выводзіў сваю неўміручую формулу ўлады: “Кантроль над словам”, то наўрад ці меў на ўвазе папсу. Але відавочна, што цяпер “кантроль за словам” ўключае ў сябе і ўладу над гэтым жанрам масавай культуры, кантроль над тым, пра што сьпяваецца ў песьнях і як гэта робіцца...
Таму пра стварэньне тэкстаў тыражаваных песень для радыё і на тэлебачаньні, як пра літаратурны працэс, што ў Расіі, што ў Беларусі гаварыць не прыходзіцца. Дый і тое, што застаецца ад інтэлектуальнага напаўненьня песьні ці музычнай кампазыцыі ўціскаецца ў вельмі вузкія стылістычныя рамкі танцавальнай музыкі строга вызначанага рытма (“умца-умца”) з мінімальнай сэнсавай нагрузкай (“Девчонки полюбили не меня...”)
Важным тут падаецца і факт псіха-лінгвістычнага замбіраваньня маладых слухачоў з дапамогай вядомага каляніяльнага сродку – насаджэньня мовы суседняга народа, якая становіцца сьцягам і фарпостам таталітарнай папсы. Тлумачыцца гэта, маўляў, большай яе прывабнасьцю як для “прагрэсіўнага” расейскага рынка, так і для саміх “рахманых беларусаў”, якія аддаюць ёй перавагу “исторически”. Таму зразумела, чаму для ідэолягаў таталітарнай папсы лепшай адзнакай іх заслугаў зьяўляўюцца“посьпехі” ў Маскве “наших” -- таго ж Аляхно ці Падольскай?
"Нячэсным" жа застаецца карыстацца ўсімі магчымымі мастацкімі і эмацыянальнымі сродкамі і несьці сваю праўду да слухачоў, апэлюючы да расчараваных душ, падтрымліваць i памнажаць іх надзею на лепшае. Не зважаючы на папрокі, што гэтая музыка напружвае, ствараць нечуваны для сёньняшняй Эўропы музычны прэцэдэнт -- аптымістычнае (нават у дэпрэсыўнасьці) андэграўнднае музычнае мастацтва на глебе абароны дэмакратыі і пратэсту супраць нацыянальнай здрады. Таму сымбалямі гэтага змаганьня з заразай таталітарнай папсы сталі выканаўцы, якія сваёй творчасьцю вяртаюць моладзі Роднае Слова, ствараюць нацыянальны музычна прадукт праз сынтэз беларускай мовы і рытмаў XXI стагодзьдзя.
Сытуацыя з дзяржаўнай “белорусской” папулярнай музыкай, для навязваньня якой улады выкарыстоўваюць без перабольшваньня таталітарныя мэтады прамыўкі мазгоў, з большага зразумелая, бо з ёй адмыслоўцам і шараговым слухачам прыходзіцца сутыкацца штодзённа. Зьявы, якія адбываюцца на іншым полюсе – у андэграундзе (контркультурным “падзямельлі”) – больш складныя і драматычныя. І гэта зьвязана са спробамі пэўных сіл дэстабілізаваць альбо раз’яднаць найбольш уплывовае і папулярнае адгалінаваньне ў нашай поп і рок-музыцы – беларускамоўнае. Звычайна робіцца гэта пад выглядам дыскусій, у ходзе якіх інсьпіруюцца рознагалосьсі паміж беларускамоўнымі і іншамоўнымі выканаўцамі, робіцца так, каб падкрэсьліць няпэўнасьць пазыцый тых ці іншых музыкаў, робяцца высновы, якія ўваскрашаюць старыя крыўды, рознагалосьсі і недавер. Аб’ектамі такіх інсьпіраваных “спрэчак”, якія перарастаюць часам у цкаваньне, становяцца найбольш уплывовыя і пэрспэктыўныя беларускія музыкі, журналісты, якія ў гэтым пытаньні адстойваюць прынцыповыя пазыцыі.
За дваццацігадовую дзейнасьць у якасьці музычнага аглядальніка і аналітыка давялося быць сьведкам не адной хвалі вось такіх “дыскусій”, мэтай якіх, звычайна, становіцца імкненьне заангажаваных журналістаў паставіць на беларускамоўных рок-музыкантах (палітыках, літаратарах, мастаках і г. д.) кляймо – “нацыяналіст”, каб зрабіць іх ворагамі дзяржавы, пазбавіць, на іх погляд, добрай будучыні ў ёй.
Вось і зусім не так даўно мы сталі сьведкамі нараджэньня новай дыскусіі наконт лёсу беларускай мовы ў сучасным музычным мастацтве. Ліберальна-памяркоўная “Музыкальная газета” – адзінае спэцыялізаванае выданьне па поп і рок-музыцы ў Беларусі -- вуснамі сваёй карэспандэнткі Вольга Самусік вырашыла зноў разабрацца з пытаньнем: “Что есть она – музыка белорусская?” (“Музыкальная газета” № 12, 31.03.2005).
Адразу ж зьвяртае на сябе ўвагу тое, што маладая аўтарка апэрыруе аргумэнтамі з арсэналу некаторых дзяржаўных СМІ ці выданьняў, якія прытрымліваюцца “чыста лібэральных” поглядаў і разам апраўдваць са сваіх дыяметральна-процілеглых (а па глыбіннай сутнасьці, агульных ) пазыцый сёньняшні крытычны стан роднай мовы ў Беларусі. І пачынае яна традыцыйнымі для такіх матэрыялаў квазі-успамінамі: “Помните, где-то после 91-92 годов тот стремительно взятый курс на белорусизацию (массовый перевод школ на белорусский язык обучения, угрозы переписать всю документацию, а шокированные чиновники вынуждены были посещать «дополнительные занятия», чтобы зазубрить язык, которым фактически никогда не владели?)... Вось дзе, з пазіцыі Самусік, жахлівае жыцьцё тады спасьцігла беларусаў! А якія ж бедныя чыноўнікі, якіх Шушкевіч прымушаў вывучаць мову, якой яны гаварылі ў сваім Шклове, ці ў Іўі, ды Гальшанах!
Да таго ж відавочна, што Вольга ў пачатку 90-х яшчэ “бегала пад стол”, каб рэальна помніць і прааналізаваць тагачасную моўную палітыку ў Беларусі. Але яна ўсьлед за сваімі “лібэральнымі” настаўнікамі задае беларускамоўным музыкам, прадусарам традыцыйнае для такіх артыкулаў пытаньне, якое некаторымі органамі трактуецца як вырак: “Это что, национализм?” Не будзем стамляць чытачоў далейшым пералікам усіх аргумэнтаў і дапушчэньняў – справа ўжо зроблена! Застаецца толькі чакаць новых забаронаў канцэртаў, выкрэсьліваньня нават згадак пры тых ці іншых выканаўцаў у сродках масавай інфармацыі, выцісканьня выканаўцаў за мяжу Беларусі... Заказ выконваецца!
Рускамоўныя ж музыкі, нічога не падазраючы, падтрымліваюць гэтую гульню супраць сваіх беларускамоўных калегаў: музыкі блюзавага гурта “Мадэра Хард Блюз” (дарэчы, што сябруюць з беларускамоўным гуртом “P.L.A.N.”) сярод сваіх пячорных аргумэнтаў звычайнага “хома саветыкуса” проста тыкаюць пальцам на магчымую ахвяру: “Да и Супранович (прадзюсер беларускамоўнай музыкі -- А. М.), наверное, в чулок не белорусские рубли складывает, а баксы-евро». Чым не гатовая падказка? Ну а завяршаюць свой опус апалягеты “настоящего русского блюза” зусім дутым патасам і таму камічна: “Я горжусь достижениями своей Республики. Жаль только, что с рок-н-роллом здесь совсем худо. В почете больше «дурка» и беззубая попса…” Тут, як кажуць, no comments!
Так, ствараецца ўражаньне, што некаторым журналістам і музыкам зусім не да спадобы рост папулярнасьці і ўплыву на сьвядомасьць беларускай моладзі менавіта беларускамоўных музыкаў. Ім здаецца, што калі беларуская мова запануе па ўсёй краіне, то ім, рускамоўным культуртрэгерам не застанецца месца ў гэтай краіне. Альбо, прыйдзецца вывучаць “гэтую” мову, а “это так тяжело!” Значыць, іх мэта – тармазіць вяртаньне беларускай мовы яе народу любымі сродкамі, у тым ліку і такімі “контраргументамі”, як у Вольгі Самусік з “Музыкальной газеты”: “На самом деле, лозунг “белорусская музыка – эта музыка, созданная в Беларуси белорусом на белорусском языке”—это очень круто! Остается лишь добавить – сыгранная на гитарах белорусского производства и записанная белорусскими звукорежиссёрами на белорусские микрофоны, в перерыве между поглощением белорусской водки, закусываемой белорусскими солеными огруцами. Мне сейчас почему-то вспомнилились Гитлер и Мусолини...” А вось пасьля апошняга пасажа цяжка ўстрымацца ад камэнтарыя: аўтарка добра разумее, што ў Беларусі, якая так напакутавалася падчас фашысцкай акупацыі, любая паралель з гэтымі адыёзнымі імёнамі фашысцкіх правадыроў (нават у такой, быццам бы, спантанна-падсьвядомай форме ) цягне за сабой яшчэ адно кляймо – “фашысты”! З вынікамі аналягічных даносаў на лепшых прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлігенцыі ў 37-годзе мы добра знаёмыя...
Цікава, што пазіцыя тых, хто вырашыў сказаць сваё слова ў абарону роднай мовы ў сучасных умовах, груба скажаецца, пераводзіцца ў ранг “падрыўной” адносна дзяржаўных устояў, адносна міжнацыянальнага міру ў краіне, а таксама да маральных якасьцяў тых ці іншых асобаў. Напрыклад, вельмі аргументаваны адказ на гэтую публікацыю “Музыкальной газеты” вядомага беларускага журналіста і аналітыка Вітаўта Мартыненкі (“Музыкальная газета” №14, 14. 04. 2005 г.), у якой аўтар разьвянчаў падмену В. Самусік паняцьцяў “беларускі па духу” і “беларускі па пашпарце”, рэдактар гэтага выданьня ўзасобіў некарэктнымі выказваньнямі і параўнаньнямі ў адрас В. Мартыненкі: “хамская манера изложения своих мыслей”, “безнадежен”, “...истина, в юродствующем исполнении...”
Што ж, гэтыя мэтады добра вядомыя з нашай найноўшай гісторыі, як мэта і іх мара – бачыць становішча беларускай мовы ў сучаснай папулярнай і рок-музыцы, а шырэй ва ўсім нацыянальным мастацтве і грамадзтве, недзе на фальклорных задворках, пазбаўляючы яе магчымасьцяў разьвівацца ў сучасным рэчышчы, назапашваць здабыткі ў рамках нашай IT-тэхналягічнай сучаснасьці. Бо прадстаўляць яе толькі ў лапцях -- значыць пазбаўляць яе будучыні. Для прыкладу, тая ж Самусік у гэтым дыскусійным матэрыяле, як бы схамянуўшыся пасьля сваіх “крамольных” думак, спрабуе больш памяркоўна завяршыць свае разважаньні на тэму “что есть она – музыка белорусская”: “Поэтому я буду выступать за музыку ИСТИННО белорусскую. Я говорю про “Этно-трио Троица”, “Альтанку”, “Палац”, “Ur’ia”, “Ліцвінаў”...Про тех, кто действительно обращается к истокам. Па-моему, они-то как раз и выносят на свет “всамделешную белорусскость”...
Не будзем пярэчыць адносна таго, што беларускія фолк-і фолк-мадэрн-гурты ўносяць свой неацэнны ўклад у захаваньне і разьвіцьцё на новым узроўні беларускага фальклору, вяртаюць беларускім слухачам яго скарбы, “утрымліваюць у рамках нацыянальнага калярыту” (па выразу музыкі Піта Паўлава) беларускіх выканаўцаў... Але чаму аўтарка зьвяртае ўвагу толькі на гэтыя гурты? Бо якраз гэтыя гурты, па яе ўяўленьню, маюць абмежаваную аўдыторыю, бо пэрспэктывы фольк-мадэрну – не надта выразныя ў сучасным сьвеце. Таму права называцца “ИСТИННО белорусскими” пазбаўляюцца права гурты, якія трывала заваёўваюць папулярнасьць у маладых слухачоў, хоць і не з фальклорнай дзялянкі беларускага рок-руху: “Крама”, “ULIS”, “N.R.M.”, маладыя выканаўцы “B.N.”, “Камаедьзіца”, “Зьмяя”, “IQ48. У большасьці з гэтых каманд ёсьць і фальклорныя апрацоўкі і яны не апэлююць да гэтага факта, як да панацэі, а працуюць на карысьць нацыянальнай культуры з самымі сучаснымі выяўленчымі сродкамі.
Праз чужынскую музыку – да сьветаадчуваньня чужынца
“--Почему в репертуаре группы нет песен на белорусском языке?
--А сколько людзей у нас говорят на белорусском языке?”
з інтэрвью гурту “Исаия” “Музыкальной газете” (№9, 2000 г.)
“—Табе не выказвалі прэтэнзій да таго, што ты сьпяваеш па-расейску?
--На Беларусі па-беларуску размаўляюць толькі бабкі і дзядулі ў вёсках. А ў горадзе—там наогул ніхто на ёй не размаўляе.”
З інтэрвію Руслана Аляхно газэце “Московский комсомолец”(www.mk.ru.)
Перш чым пачаць разгляд тэмы рускамоўнай рок-музыкі, зададзімся пытаньнем, чаму прадстаўнікі гэтай тусоўкі і журналісты, якія да яе прымкнулі, з такой упартасьцю імкнуцца даказаць беларускамоўнай грамадзкасьці тое, што яны такія ж самыя як і іншыя “белорусские исполнители”? Цікава, што ніхто з іх беларускамоўных vis-a-vis ніколі і ні пры якіх абставінах не падвяргаў сумневу іх права называць сябе “белорусскими”. Наадварот, увесь час рускамоўных выканаўцаў запрашалі ў нацыянальныя музычна-канцэртныя праекты з мэтай інтэграцыі іх у беларускі культурніцкі дыскурс. Успомнім, напрыклад, “Крамбамбулю” і яе знакамітае шматмоўнае трыо Вольскі-Міхалок-Кулінковіч, якіх аб’яднала менавіта родная мова. І хто скажа, што беларускае слова рускамоўнага Кулінковіча ў “Марскім чалавеку” ці выкананьне Міхалка ў песьні “Старыя хіпаны” з дыска “Каралі раёну” – не вельмі прыкметны, не параўнальны з тым жа Вольскім, ўклад у сучасную беларускую музычную культуру?
Тое ж можна казаць і пра папулярныя беларускамоўныя фанаграфічныя праекты (“Hard life-Heavy music”, “Hardcoreманія: чаду!”, “Viza Незалежнай Рэспублікі Мроя”, фэстываль “Басовішча”), да ўдзелу ў якіх абавязкова прыцягваліся рускамоўныя і англамоўныя выканаўцы з Беларусі і іншых краін. І не бяда іх ініцыятараў, што, напрыклад, гурт “Куклы” засьпяваў і запісаў некалькі песень па-нашаму, у далейшым адмовіўся ад такой практыкі. Затое, смак роднага слова адчулі шмат іншых калектываў. Маю на ўвазе гурты “Indiga”, “Anima”, “Зьмяя”, якія праз удзел у такіх праектах сталі неад’емнай часткай беларускамоўнага рок-руха.
Такога нельга сказаць пра рускамоўныя структуры ў Беларусі, якія запісваюць ды выдаюць “рок из Белоруссии”? Чаму FM-станцыя “Русское радио” ніколі не трансьліруе творы беларускамоўных гуртоў ці выканаўцаў? Чаму маскоўскія выдаўцы аддаюць перавагу ў сваіх праектах толькі рускамоўным выканаўцам з Беларусі (праекты “Русские горки”, “15 Наших”, “16 Наших”...) і ніколі не зьвяртае ўвагу на тых, хто сьпявае па-беларуску? Зразумела, што большасьць беларускамоўных выканаўцаў не здраднікі сабе: за магчымасьць “памаячыць” на якім-небудзь расейскім дыску яны не стануць сьпяваць па-расейску. Гэта ў іх так проста не атрымаецца, альбо атрымаецца ў камічным выглядзе. Але ж ёсьць іншыя формы супрацоўніцтва, якія б маглі не закранаць далікатную тэму! Такіх прапаноў няма. Есьць толькі крыўды, што рускамоўных ігнаруюць, а горш таго – абмяжоўваюць па моўнай прыкмеце.
Дык дзе ж хаваецца корань гэтай супярэчнасьці і хто вінаваты ў ёй?
Цяпер трэба запытацца ў рускамоўных выканаўцаў: якую мэту ставяць музыкі таго ці іншага гурта, калі выбіраюць мову сваіх кампазыцый? Тут добра раскрывае сутнасьць гэтага, глыбока маральнага выбару ўрывак з інтэрвію з хрысьціянскім гуртом “Исаия”, які аўтар вынес ў эпіграф. Зноў асэнсаваўшы яго, можна зразумець прычыну здрады роднай мове – уяўная магчымасьць займець большую папулярнасьць , а з ёй уплыў і прыбытак ад канцэртаў і дыскаў.
Могуць запярэчыць, маўляў, адкуль гурту “Исаия” было ведаць, што паводле апошняга перапісу насельніцтва ў Беларусі да 41 адсотка беларусаў дома размаўляе па-нашаму, а 82 адсоткі – прызналі беларускую мову роднай? Прыходзіцца зноў зьвяртацца да Сьвятога Пісаньня: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было на пачатку ў Бога” (Яна I 1-2. пераклад В. Сёмухі). Так, мы маем справу з маральным выбарам і адказнасьцю за яго. Выглядае на тое, што музыкі “Исаии” свой выбар зрабілі і не на карысьць Боскага ў чалавеку. І гэта тэндэнцыя ў рускамоўных выканаўцаў – дамінуючая. За што яны і нясуць сваю адказнасьць – іх праекты, як і іх апалягеты з журналісцкіх колаў, не даўгавечныя, абсалютна безвыніковыя, як і іх творчасьць – марныя.
Многія рускамоўныя музыкі гэта разумеюць, хоць бы спантанна, падсьвядома. Быццам бы ў доказ справядлівасьці тэорыі архетыпаў К. Г. Юнга, які зьвяртаў увагу на існаваньне нейкай “калектыўнай” памяці чалавецтва. І родная мова ў яе структуры займае не апошняе месца. Бо адмова ад Роднай Мовы, што адмова ад Роднай Маці-Зямлі, трактуецца як здрада самому сьвятому. І гэта адчуваецца ў гістэрычных аргумэнтах, якія вылучаюць тыя, хто так хоча канчаткова высьветліць тое, “Что есть она – музыка белорусская?”.
Для псыхааналізу прапаную цытату з артыкула на гэтую тэму лідара гурта “Мадэра Хард Блюз” Ю. Міхайлава: “Я -- как художник-карикатурист – выставлялся во всем мире, в Европе, Азии, Америке, и везде был представлен как белорусский художник! Я сделал и делаю для Беларуси больше, чем некоторые белорусскоязычные горлопаны… “Мадера хард блюз” поет на русском, но она всегда будет белорусской группой” (“Музыкальная газета” № 15, 2005 г.).
Так і хочацца перапыніць гэты “нечалавечы” стогн пра выдуманую дыскрымінацыю: спадар Міхайлаў, у чым праблема, навошта рваць на сабе кашулю? Ніхто вас не выштурхвае за межы Беларусі, не адбірае у вас права называцца “белорусским”, сьпявайце на мове, якая вам бліжэй! Але адкажыце на пытаньне: што беларускага ў вашым “русском блюзе”, як вы аднойчы пазначылі стыль гурта “Мадера хард блюз” ў сваіх афішах? Думаю, тыя маляўнічыя паперкі былі загадзя падрыхтавана да гастроляў у Расіі? Ды надзеі, відавочна, як і ў іншых, не спраўдзіліся...
Цяпер вы, канешне, гэтую сэнсавую недарэчнасьць сьпісваеце на свайго мэнэджэра. А чаму тады на сваіх афішах апасьля гэтага канфузу вы не абвясьцілі: “Гурт “Мадера хард блюз” -- беларускі блюз”? Дакажыце справай, што вы – беларускія выканаўцы! Юрый, канешне, ужо адчуў, але не поўнасьцю зразумеў, прычыну свайго трывожнага стану: яго творчасьць не ўпісваецца ў кантэкст беларускай культуры, ніхто не прызнае ўклад яго гурту ні ў гісторыю расейскага, а тым больш беларускага рока, значыць -- гады прайшлі безвынікова. А вось сябры з гурту “P.L.A.N” на парадак менш у беларускамоўным рок-н-роле, а пра іх кажуць, як пра “генэралаў”. Юрыю здаецца гэта несправядлівым.
Праўда далей, Міхайлаў, як бы перапрашае за свой тон, піша ў тым жа нумары “Музыкальной газеты”: “Я недавно записал песню на белорусском языке; появился какой-то особый колорит; может еще попробую.” Вось гэта, сапраўды, лепш: вы на шляху выздараўленьня. Толькі лекі трэба прымаць рэгулярна, а не выпадкова!
Вельмі прыкра, што пад прэс такіх “неопровержимых доказательств” трапляе і сябар Юрыя Міхайлава, лідар гурта “P.L.A.N.” Андрэй Плесанаў, які ў тым жа нумары музычнага выданьня чамусьці апраўдваецца: “Я лично для себя выбор сделал в 2002 году и стал петь только на родном языке и горжусь этим, потому что для меня это важно. Но я никогда не был согласен с теми, кто считает белорусскими музыкантами только тех, кто поет на белорусском. Любой коллектив, созданный здесь и выступающий за границами Беларуси, считаю белорусским, хотя некоторые считают их просто «тутэйшыми». Пример тому -- англоязычный “Mojo blues”, который сейчас находится на гастролях в Китае. И тот же Шедько, неоднократно упоминаемый многими, -- белорусский музыкант.”
Андрэй за сваім калегам і сябрам паўтарае памылку свайго калегі Ю. Міхайлава, калі лічыць праблему ў тым, што нехта адмаўляе права музыкантам звацца беларускім, калі той сьпявае не на роднай мове. Андрэй, праблема ў тым, як зрабіць вашу музычную дзейнасьць апраўданай перад нашай культурай і гісторыяй – як зрабіць рок-музыку ў Беларусі сапраўды беларускай! І першай ступенькай у гэтым руху -- зьвяртаньне да роднай мовы, якая сама паўплывае на музыку праз сваю непаўторную фанэтыку. Тады і можна будзе гаварыць, што музыкі на парозе стварэньня музыкі беларускай па-сутнасьці.
А што беларускага ў цяперашняй музыцы Аляксея Шэдзько і яго “Сестры”? Так, гэты музыкант распачынаў з беларускамоўнай творчасьці (памятаю яго шыкоўны выступ з беларускай народнай песьняй на канцэрце “Рок вітае незалежнасьць” у 1991 годзе ў сквэру імя Я. Купалы). Але потым музыкант распыліў у сабе ўсё беларускае, замяніў свой генатып на больш прыдатнае для Піцера музычнае падабенства, стаўшы дзесятым клёнам “Алисы” і “Аквариума”... Добра, што лідар гурта “P.L.A.N” убачыў гэта і не паўтарыў старых памылак сваіх папярэднікаў у рок-руху, а вось талент А. Шэдзько растрачваецца не на карысьць нацыянальнай культуры. І вось гэта, сапраўды, выклікае сум. Асабліва ў сьвеце таго, што сам Аляксей над гэтым, не гледзячы на гады, не задумваецца. Напэўна, спадзяецца на прызнаньне ў Расіі? Але ж там месца забіта сапраўднымі “Аквариумом” ды “Алисы”...
Зусім іншая танальнасьць выказваньняў адносна роднай мовы назіраецца ў больш сур’ёзных выканаўцаў, якія маюць досьвед супрацоўніцтва і паразуменьня ў рамках беларускай рок-музычнай рэчаіснасьці. Разважаньні суседнічаюць у гэтых музыкаў з экспэрымэнтамі, іх вынікі -- з намерамі ўзяць новыя вышыні, якія гэтыя музыкі імкнуцца пераўзыйсьці...
Вельмі паказальнымі тут падаюцца развагі лідара гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандра Кулінковіча: “Я не пою на модном языке. Я пою на том языке, на каком хочу. Есть песни, которые мне хочется петь. И более того: вот в этом альбоме («П.И.О.Т.К.У.К.У.К.» -- А. М.) их три, но мною лично написаны еще с пяток песен на белорусском языке, потому, что тогда, когда я писал, мне думалось по-белорусски. Ночью что-то переклинивалось в мозгах, и я начинал мыслить по-белорусски…» («Музыкальная газета» № 14. 2002 г.). У гэтым жа нумары “Музыкальной газеты” можна прачытаць яшчэ адзін матэрыял, які шмат чаго можа распавесьці пра шляхі да роднай мовы ў некаторых беларускіх выканаўцаў. Маю на ўвазе інтэрвію з вядомым музыкантам і прадусарам Валікам Грышко, які заўважае: “У нас есть представление о белорусском языке как о грубом. Почему я начал петь на белорусском? На меня произвело впечатление выступление Данчика, когда он приезжал. На самом деле, язык, на котором белорусы говорят,-- такой красивый, такой необычный!»
Так, прыклад іншых выканаўцаў можа стаць штуршком вяртаньня да самых каранёў – да роднай мовы. Тыя ж музыкі часьцяком нават падказваюць сваім калегам, што ў іх атрымліваецца лепш: “Интересна группа “Наяда”, но парадоксальна: когда на белорусском играют, все в порядке, а когда на русском – ничего не клеится” (з інтэрвію лідара гурта “Indiga” Русі Шукюравай часопісу “Смотри и слушай” №8 2003 г.).
Так што падстава паразуменьня паміж рускамоўнымі і беларускамоўнымі музыкамі існуе: варта толькі прыслухацца да таго, што гаворыць тваё сэрца, што падказвае табе вопыт іншых краін, у якіх няма такой з’явы, калі рок-музыка становіцца закладніцай палітыкі. І памятаць тое, што прадракалі вялікія тым, хто адмовіцца ад найвялікшага скарба нацыі:
Праваслаўны або каталіцкі,
Ці які там твой будзе парог, --
Яе разам з матчынай цыцкаю
Даў табе ў твае вусны бог.
Пі. І ведай: гіне ў пракляцьцях
І з дзярма павек не ўстае
Той, хто выплюнуў цыцку маці
Або злосна ўкусіў яе…
(У. Караткевіч, “Мова”, 7.05.1976 г.)
Крывое люстэрка дзяржаўнага “білінгвізму”
“Мараканічны верш (poesia maccheronica — макаронная паэзія) – від жартоўнага ці сатырычнага верша, камізм якога ствараецца перанасычаннасьцю тэксту барбарызмамі, падпарадкаванымі морфалягічным законам роднай мовы паэта.
(В. Р. Рагойша “Паэтычны слоўнік”, Мн. “Вышэйшая школа”, 1987 г.)
Нас спрашывают, пачаму мы не паём на беларускам языке, дык мы і па-руску не паём!
З інтэрвію дуэта “Саша і Сірожа”
Калісьці літаратуразнаўца Ралан Барт у сваёй клясычнай працы “Падьзяленьне моваў” (1971) разьмежаваў ўсе сацыялекты (мовы розных груп насельніцтва) на ўнутраўладныя (энкратычныя) ды пазаўладныя (акратычныя).
Барт заўважаў, што ўнутрыўладная мова – мова ўлады -- “забясьпечана структурамі апасродкаваньня, пераводу, пераўтварэньня, пераварочваньня з ног на галаву...”. Але, паводле Барта, і ёй пазаўладную мову нельга аднесьці да мовы, якая супрацьпастаўляецца ўладзе. Чаму? “Таму, што апасродкаванае зьвяно паміж уладай і мовай носіць характар не палітычны, а культурны...”— удакладняе вучоны.
Менавіта культурная (а ў нашым выпадку, квазі-культурная) складаючая новай “старой” мовы – “трасянкі” так шырока стала прадметам капіраваньня, падладжваньня, выкарыстаньня для сатырычных і гумарыстычных мэтаў у літаратурных колах Беларусі, сярод рок-музыкантаў. Макаранічны эфэкт ад ужываньня такой мовы даўно вядомы літаратарам. За імі і беларускія музыкі ўбачылі ў беларуска-рускай “мяшанцы ” вялікі выяўленчы патэнцыял, асабліва, што тычыцца гумару і сатыры. Бо, у наш час “трасянка” прыйшла ў дзяржаўныя органы з новымі асобамі цяперашняй улады, на тэлебачаньне з яе з псэўда-фальклёрам, у школы і ВНУ з яе аднабокім білінгвізмам. “Трасянка” стала сапраўднай афіцыйнай мовай сёньняшняй улады. І музыкі, што выкарыстоўваюць макаранічны эфэкт “трасянкі”, як у люстэрку, паказваюць усе культурныя і інтэлектуальныя “вывіхі” тых, хто ўзяў адказнасьць за будучае краіны.
Да гэтага “трасянка” звычайна выкарыстоўвалася гумарыстамі (напрыклад, артыстамі тэатра “Хрыстафор”) для стварэньня вобраза сучаснага беларуса – прыдуркаватага п’янюгі ў фуфайцы і кірзавых ботах, няздатнага мысьліць, а тым больш правільна размаўляць ні на адной з моў. Такая пазыцыя не пярэчыла мэтам энкратычнага сацыялекта. Таму ў “хрыстафораўцаў” вялікіх праблемаў з уладамі не ўзьнікала…
Зусім іншая справа з поп- і рок-музыкамі. Трэба дазначыць, што піянэрам выкарыстаньня “трасянкі” як мастацкага сродку, сталі музыкі супольнага праекта “Народны альбом” (1997), на якім была зьмешчана “сьлязьлівая” песенька “Надзенька”, зьмест якой, а таксама “трасянка” гераіні твора, толькі падкрэсьлівалі гістарычную драму, якая напаткала беларусаў у міжваенны пэрыяд.
Але сапраўдным адлікам сатырычнага выкарыстаньня “трасянкі” ў мастацкіх мэтах стала сьпетая Касяй Камоцкай і запісаная на “Народным альбоме” палітычная сатыра “Дарагія мае масквічы” (тэкст М. Анемпадыстава). У гэтым шэдэўры, дзякуючы па-майстэрску перададзеным моўным асаблівасьцям, адразу можна было пазнаць Галоўнага Героя, яго палітычныя маніфэсты, погляды і мову (тут і выявілася акратычнасьць “трасянкі”), на якія і скіроўвалі свае сатырычныя стрэлы аўтары:
Дарагія мае масквічы,
Уважаемыя растаўчане!
Хваціт места для всех у меня
На діване, софе і тапчане.
А не хваціт, так есьць жа краваць:
Есьлі нада, магу пацясьніцца.
Так давайце друзья “сябраваць”,
Як на Белай Русі гаварыцца!
Тэндэнцыю ўвядзеньня “трасянкі” ў беларускі культурны дыскурс падхапіў рок-гурт “N.R.M.” са сваёй сёньня ўжо знакамітай сацыяльнай сатырай на гопнікаў “Кумба” (з альбома “Пашпарт грамадзяніна “N.R.M”, 1998):
А есьлі цібе ня нравіцца ўласьць,
Значыт, ты – галубая валасатая мразь!
Ну, ладна, харэ! Давай твой стакан.
Давай стакан, я налью сібе сто грам...
Гэты экспэрымэнт быў настолькі пераканаўчы, што стаў выкарыстоўвацца не толькі гуртом “N.R.M”. “Трасянка” стала трапным выяўленчым сродкам у некаторых папулярных выканаўцаў. Думаю, што чытачы змогуць прыгадаць “трасянкавы” рэп гурта “IQ48” (“Мой клён”, “Таполі”), кампазыцыі “Крамбамбулі” (“Госьці”). Майстрам “трасянковай” сатыры можна сьмела назваць гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча, чыя “Баляда пра таварыша Сапегу” стала ўжо клясычным творам новага напрамку ў беларускай папулярнай і рок-музыцы.
Бадай, што толькі ў аднаго творчага калектыву – дуэту “Саша і Сірожа” “трасянка” стала адзіным творчым крэда. Гэтыя таленавітыя выканаўцы-гумарысты ўсю сваю дзейнасьць пабудавалі менавіта на стварэньне сваімі сродкамі таго адлюстраваньня сёньняшняй моўнай сытуацыі, якая стала магчымай пасьля рэалізацыі вядомай тэзы: “Хто как хацит, тот так и гаварыт!” Іх “Калыханкі для дарослых”, альбом “СКАты!” сталі ў нечым папсовым (а таму больш масавым) варыянтам “трасянкавага” напрамку ў беларускай поп- і рок-музыцы.
Безумоўна, тыпы, якія адлюстраваныя ў песьнях “Сашы і Сірожы”, можна трактаваць як архетыпы сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці. І вобразы гэтай рэчаіснасьці – не вельмі прывабныя для некаторых колаў беларускай грамадзкасьці, прыбліжаных ўладаў. Самі музыкі пра гэта кажуць так: “Единственное, я заметил, что его (альбом Сашы і Сірожы «СКАты!»--А. М.) не очень любят бизнесмены, которые родом из глубинки. То есть, которые родились где-нибудь в деревне, переехали в Минск и стали значимыми людьми». (“Музыкальная газета” №17, 2005 г.). Гэта, дарэчы, можна сказаць і не толькі пра бізнэсмэнаў!
Таму і адпаведныя высновы – прэзэнтацыя альбома дуэта “Саша і Сірожа” былі забаронены. Як забаронены і канцэрты, прэзэнтацыі іншых беларускіх выканаўцаў, чыя творчасьць у краіне лічыцца не надзейнай ідэалягічна. Вось і прыходзіцца музыкам апранаць каўпак блазна, каб зусім не трапіць пад прэс рэпрэсій. Пра гэта разважае адзін з удзельнікаў дуэта Сяргей Міхалок: “...про нас написано было следующее: «Бред на грани гениальности». Да, бред, конечно, есть. Но я не могу, например, встать перед камерой, и открыто сказать, что думаю. Мне просто не позволят. А когда идет такая полудурка -- все вполне реально и легко сделать...” (“Музыкальная газета” №17, 2005 г.)
Беларускія мовазнаўцы, культуролягі і проста прыхільнікі роднага слова спрачаюцца на тэму: шкодная ці карысная “трасянка” для існаваньня беларускай мовы ў сучасных умовах. І падыходы да яе функцыянаваньня ў грамадстве розныя, ад непрыняцьця да захапленьня. І гэта адлюстравала дыскусія па артыкуле С. Квяткоўскага “Жаба ў роце” (“Наша Ніва” №6, 1998 г.). Не гледзячы на тое, што у ім фэномэн “трасянкі” падвяргаецца сумневу, аўтары допісаў ў рэдакцыю па гэтай тэматыцы справядліва пытаюцца: “Чаму з усіх старон ідзе такое непрыняцьце трасянкі. Гэта ж звычайны беларускі акцэнт...” Той жа лідэр гурта “Ляпис Трубецкой” (адзін з удзельнікаў дуэту “Саша і Сірожа”) Сяргей Міхалок як бы адказвае ўдзельнікам дыскусіі: “Мая трасянка – смачная!”
Беларускія ж рок-музыкі далі свой адказ на мовазнаўчае пытаньне: калі гэтая “трасянка” дапасуецца да творчых мэтаў, то яе выкарыстаньне поўнасьцю абгрунтавана. Да таго ж, “трасянка” – у сёньняшніх варунках існаваньня беларускай мовы для многіх есьць шанцам паглядзець на сябе ў сатырычнае “трасянковае” люстэрка, каб пасьля зьвярнуцца да чыстых крыніц Роднага Слова.
Родная мова, як паратунак ад унутранай эміграцыі
“Ведь главное, наверное, петь на белорусском языке и чтобы не было эклектики в сочетании языка и музыки…”
З інтэрвію кіраўніка ансамбля “Песьняры” Уладзіміра Мулявіна “Музыкальной газете” (№50, 1999 г.)
“Спачатку было Слова, а да Слова -- Музыка”
паэт Яўген Гучок, “Формула травы”
Як я ўжо адзначаў, самая цікавая і дынамічная галіна ўсяго андэграунднага музычнага мастацтва Беларусі апынулася сёньня ў апазыцыі да існуючай улады. Гэта частка беларускамоўных фолк-мадэрн калектываў і шэраг знакамітых рок-гуртоў, якія стварылі гісторыю і сучаснасьць беларускага рок-руха.
Часта даводзіцца чуць: ну і што – рок увогуле контркультуная з’ява. Але што можа быць контркультурнага ў творчасьці, напрыклад, гурта “Палац”, які занесены ў “чорныя сьпісы” “неблагонадежных” ды звольнены са сваёй працы?
Уся справа ў тым, што дэфініцыя “контркультурны” у адносінах да беларускамоўных выканаўцаў у нашай краіне якраз трэба адносіць да “культурнай” сытуацыі ў нашай краіне, якую сьвядома фарміруе гэтая ўлада. Я ўжо спрабаваў сфармуляваць яе эмацыянальна: “Все средства на подъем национальной культуры, но без белорусской мовы!”.
Калі гэтая сытуацыя стане зразумелай, то можна канстатаваць факт сьвядомага выштурхоўваньня ўладамі са свайго і так беднага культурнага поля нават фальклорных, ці фолк-мадэрнавых праектаў, кшталту гурту “Палац”, каб потым забараніць іх выступы ды выкінуць з эфіру...
Рускамоўныя ж “контркультурныя” гурты (“Куклы”, “ТТ-34”, “Дай дорогу”) пачуваюць сябе ў Беларусі больш вольна. Прынамсі, канцэрты іх не адмяняюцца. Дый тэлебачаньне не адвяргае іх відэа-кліпы як нефарматныя. Гэта адбываецца таму, што яны не лічацца праціўнікамі ўладаў, а, наадварот садзейнічаюць “интеграционным процессам двух наших народов”.
І, усё ж, што рухае музыкаў беларускамоўных гуртоў супрацьстаяць гэтым “чорным сьпісам” і забаронам, усяму што адбываецца ў краіне на “моўным фронце”? Думаю, што не памылюся, калі скажу: боль і жаданьне выправіць сваімі сродкамі сытуацыю, калі беларусаў робяць эмігрантамі ў сваёй роднай краіне. Мова, як родная маці, заклікае да дзеяньняў ў яе абарону ад папулісцкіх падкопаў і нападак як функцыянэраў дзеючай улады (рэвізіяваўшых Закон аб мовах, выціскаючых беларускую мову са СМІ і ўстаноў культуры, штучна зьмяншаючых беларускамоўнае школьніцтва…) так і “лібэральнай” апазыцыі (“замарожваючых” моўныя праблемы у сваіх палітычных праграмах, падтрымліваючых рускамоўнае вяшчаньне на Беларусь “Дойчэ Вэле”…)
Калі прааналізаваць творчыя шляхі такіх выдатных беларускіх гуртоў-ветэранаў, як “Мроя”,“N.R.M.”, “Bonda”, “Крама”, “Ulis”, то даводзіцца канстатаваць: прыхільнасьць да роднага слова ў многіх з іх пачала выкрышталізоўвацца на спадчынным узроўні (узгадаем, што бацька Л. Вольскага – знакаміты беларускі пісьменьнік-прафэсіянал, а лідар гурта “P.L.A.N.” А. Плясанаў – ўнучаты пляменьнік заслужанай дзеячкі культуры БССР П. В. Мядзелкі).
Свой унёсак фарміраваньня асобаў беларускамоўнага рок-руху ўносілі і асяродкі, у якіх даводзілася вучыцца ці працаваць будучым музыкам у той час. Так музыкі “Мроі” спасьцігалі беларускамоўны культурніцкі кантэкст ў сталічнай Мастацкай вучэльні, а музыкі гурта “Bonda” (а ў будучым і “Крамы” і “Ulis”) – у Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце – вядомых тагачасных цэнтрах нацыянальнага адраджэньня.
Свой вялікі сьлед у творчасьць беларускамоўных гуртоў унесьлі павевы нацыянальнага Адраджэньня 1985-1990 гадоў, удзел у працы ці супрацоўніцтва са знакамітымі ў той час нефармальнымі суполкамі “Майстроўня”, “Талака”, “Тутэйшыя”. З гэтымі вядомымі і актыўнымі беларускамоўнымі асяродкамі ў той час цесна супрацоўнічаў у рамках Канфэдэрацыі беларускіх суполак і Мінскі рок-клюб “Няміга” – пачынальнік беларускамоўнага рок-руха ў краіне.
Такія гістарычныя і культурна-моўныя абставіны спрыялі вылучэньню прызнаных лідэраў нацыянальнай фолк-мадэрн і рок-плыні, такіх харызматычных і непахісных прыхільнікаў беларушчыны, якімі з’яўляюцца удзельнікі гурту “N.R.M.” Лявон Вольскі, Алег Дземідовіч, Піт Паўлаў, Юры Ляўкоў, іншыя знакамітыя музыкі -- лідэр гурту “Крама” Ігар Варашкевіч, рок-сьпявачка Кася Камоцкая, фальклярыст і рок-музыка Алесь Таболіч, аўтар рок-тэкстаў Міхал Анемпадыстаў, рок-музыка і мастак Сяргей Скрыпнічэнка, фолк-мадэрн-выканаўцы Алег Хаменка, Юры Выдронак, Андрэй Палаўчэня, сьпявак і кампазытар Зміцер Вайцюшкевіч, рэпер Алесь Памідораў...
Не скажаш, што ўсе вэтэраны прытрымліваюцца роднай мовы пасьлядоўна не толькі ў творчасьці, але і ў артыстычным побыце – падчас інтэрвію ці пры вядзеньні канцэртаў. І гэта недарэчная акалічнасьць адразу становіцца аб’ектам крытыкі ці недаверу да пазыцыі беларускамоўнага выканаўцы. Таму прыходзіцца апраўдвацца. Як, напрыклад, лідэру гурта “Ulis” Славу Кораню на закіды маладых музыкаў гурту “Вирус Ліха” якія прыдумалі такую небыліцу: “…всем известно, что он (Слава Корень – А. М.) пишет текст на русском, а потом переводит на белорусский, потому что по-русски думает.” (“Смотри и Слушай” №4, 2003). На што Слава быў вымушаны адказваць наступным чынам: “Я никогда не писал песен на русском языке. Все образы и рифмы ко мне приходят на беларускай мове!” (“Смотри и Слушай”, №8, 2003 г.). Сказана шчыра, але больш пераканаўча для такога кшталту вопытнага музыкі і аўтара песень – быць пасьлядоўным пры карыстаньні роднай мовай і не даваць падстаў для такіх інсынуацый!
У бальшыні ж вэтэраны беларускамоўнага рок-руху моцна трымаюцца сваіх беларускіх моўных прыхільнасьцяў і іх прынцыпы з’яўляюцца выразным арыенцірам для маладой плыні беларускамоўных выканаўцаў. Пазыцыю ж беларускамоўных музыкаў найбольш поўна агучыў сьпявак і кампазытар Зьміцер Вайцюшкевіч: “У прынцыпе мы маглі б зараз засьпяваць па-англійску, па-польску ці па-расейску, паехаць за мяжу і пачаць зарабляць там грошы. Але мы разумеем, што зараз у нас з’явіўся шанц выказацца і ўнесьці нешта новае ў скарбонку беларускай культуры і гэта значна больш каштоўнае, чым перасоўваньне па сьвету дзеля заробкаў...” (“Молодежный проспект”, сакавік, 1999 г.).
Згуртаванасьць і цэльнасьць творчай канцэпцыі беларускамоўных выканаўцаў значна спрашчаюць шляхі да беларускага культурнага кантэксту больш маладых музыкаў і гуртоў. А перад імі, як чорт з табакеркі, выскокваюць падманлівыя пэрспэктывы ці то “засьвяціцца” на правінцыйным “Хит-моменте”, ці трапіць у лапы драпежнага расейскага шоў-бізнэсу...
На канцэртныя падмосткі нацыянальнай рок-сцэны яны ўжо трапляюць падрыхтаванымі і музычна, і з разуменьнем мэты сваёй творчасьці. Часта высьвятляецца, што будучыя зоркі беларускай поп і рок-музыкі слухаюць творы пачынальнікаў нацыянальнай рок-плыні, чытаюць у СМІ матэрыялы пра іх творчасьць, з’яўляюцца слухачамі той музыкі, што выконваюць вэтэраны на канцэртах. Да таго ж, ня рэдка маладыя выканаўцы наўпрост пераймаюць вопыт больш спрактыкаваных сваіх калегаў па музычнаму цэху. Напрыклад, вакалістка і лідэр гурту “Indiga” Руся Шукюрава называе лідэра “Крамы” Ігара Варашкевіча “сваім музычным і культурным гуру...”, з якім яна абмяркоўвае надзённыя праблемы беларускага рок-руха, а таксама разам удзельнічае у сумесных музычных праектах. (сайт “Тузін гітоў”, “Indiga нагадвае пра сябе”, 29.08.2005).
Прыходзіць час і ўжо вэтэранам беларускамоўнага рок-руху трэба цясьніцца – маладая плынь энэргічна стварае ім рэальную канкурэнцыю. А гэта ўжо добры стымул для “старажылаў” беларускага рок-Алімпу працаваць, каб не здаваць сваіх пазыцый. І тое, што з’явіліся цікавыя асобы сярод больш маладых рок-музыкаў – гэта заслуга пакаленьня 80-90-х гадоў – пакаленьня рок-клуба “Няміга” і фэсту “Тры колеры”!
Новая генэрацыя музыкаў не можа не захапляць сваёй творчай разнастайнасьцю і выканаўчым майстэрствам. Маю на ўвазе такіх музыкаў як Алег Губіч (“Камаедзіца”), Ігар Загумёнаў (zIGZAG), Сьвятлана Сугака (“Тарпач”), Аляксандр Ракавец (“IQ48”), Янка (“Таварыш Маўзер”), Віктар Рудэнка (“Dali”), Андрэй Карповіч і Віталь Зыблюк (“Parason”), Маша Лагодзіч (“Яр”). Яны прадстаўляюць амаль ўвесь стылістычны спэктар беларускамоўнай рок-музыкі.
Праўда, было б недаравальным рамантызмам, каб у чытачоў склалася ўражаньне, быццам бы беларускамоўны рок-рух – суцэльны райскі куток сучаснага нацыянальнага мастацтва. На жаль, і тут ёсьць страты, хоць і не такія трагічныя, як ў іншых краінах, дзе гінуць ці не самыя таленавітыя музыкі. Дзякаваць Богу, такога ў Беларусі не адбываецца!
Але здараецца так, што таленавітыя гурты і выканаўцы зьнікаюць з даляглядаў нацыянальнай рок-сцэны. І гэты сумны адлік быў распачаты пэрспэктыўным на той час (1986) heavy-metal-гуртом “Магістрат”. Лідар гэтага гурту М. Нікановіч быў асуджаны за крымінальнае злачынства і пасьля адбыцьця пакараньня больш ужо больш не вярнуўся да актыўнай музычнай дзейнасьці...
У наш час такія страты адбываюцца больш па эканамічных прычынах: музыкі часта зьвяртаюцца да больш прыбытковых заняткаў, у прыватнасьці, да бізнэсу. Так перасталі існаваць таленавітыя і самабытныя гурты, як “Камэлот” і “Цмокі”.
Іншыя ж, чамусьці вырашаюць, што ўся справа ў мове, і таму пара пераходзяць на больш “зразумелую”. Спадзеючыся на тое, што адразу зьявіцца вядомасьць і прыбыткі. Такія зыгзагі ў творчасьці ажыцьцявілі гурты “Impett” і “Без Билета”. Але да новых рэаліяў і патрабаваньняў яны не прызввычаіліся. Таму ціха гібеюць як выканаўцы і творцы. Трохі зьмякчае іх становішча той факт, што слухачы яшчэ памятаюць гэтых музыкаў менавіта па іх лепшым беларускамоўным кампазыцыям – “Зусім ня проста” і “Мая краіна Беларусь”. І такія яскравыя нацыянальныя гіты застаюцца для гэтых гуртоў добрым аргумэнтам на выпадак, калі “Impett” і “Без Билета” паспрабуюць абвінаваціць у моўным рэнэгацтве.
Беларускі D.I.Y. – фэномэн
“Перамены нельга навязаць з вонку, ды і мы не хочам гэтага. Нам патрэбна падтрымка, але мы павінныўсё зрабіць самі.”
З інтэрвію гітарыста гурту N.R.M. Піта Паўлава газэце “The International Herald Tribune”,USA (2.09.2005 г).
У разьдзелах, з якімі ўжо пазнаёміліся чытачы гэтага эсэ, вы, спадзяюся, змаглі ўгледзіцца ў тэндэнцыі і працэсы, якія адбываюцца ў беларускамоўным рок-руху краіны. Нямала аўтар распавёў і пра тыя неспрыяльныя ўмовы, якія ўвесь час ствараюцца для нашых выканаўцаў. Цяпер пра такое становішча беларускамоўнай музыкі ў краіне абмяркоўвацца на толькі ў праграмах Evro News (сюжэт “Народны Альбом” на фэсьце “На скрыжаваньнях” верасень-кастрычнік 2005 г.), але і дасканала вывучаецца навукоўцамі-сацыёлагамі ў “саюзнай” Расіі.
Вось як бачыць беларускую рок-сытуацыю маладая дасьледчыца з Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага унівэрсытэту Вольга Аксюта ў інтэрнэт-артыкуле “Власть и контркультура в 1980-е–1990-е годы” (www.altruism.ru): “В Беларуси, где ситуация, по отношению к рок-музыке в частности, во многом близка к существовавшей в СССР, до сих пор запрещено проводить любые концерты без разрешения "вышестоящих органов". Если такие концерты проводятся, их разгоняет милиция, изымая самиздатовские музыкальные журналы как "литературу, содержащую призывы к насилию". Участники снимаются на видеокамеру или переписываются, чтобы потом быть "вызванными на беседу" по месту работы или учебы... Но, в то же время, в некоторых городах существуют коммерческие музыкальные клубы, где концерты можно проводить легально, правда, администрация в любую минуту может вырубить звук (даже свет в целом районе), если услышит тексты песен оппозиционного содержания или высказывания, которые могут угрожать закрытием клуба. "У нас такая система называется недототалитаризм", -- говорит Стас П., вокалист гродненской группы "Deviation". - "Если ты что-то делаешь на улице, тебя агрессивно подавляют, если ты делаешь какие-то акции, концерты -- то же самое, однако есть такие лазейки, которые еще не прикрыли. Человек, пробравшийся на радио, может что-то прокрутить, и это может даже пройти незамеченным.
Для справки: белорусскоязычная группа "Deviation" не отыграла полностью ни одного концерта в Гродно.”
Ідэалягічныя органы беларускай дзяржавы сваімі рэпрэсіямі супраць беларускамоўных музыкаў зрабілі так, што яе разьвіцьцё цяпер ідзе ў напрамку сусьветных тэндэнцый так званай D.I.Y.--культуры. (ад. анг. Do it yourself – зрабі гэта сам). Так атрымліваецца, што D.I.Y.-лозунг “Думай глябальна, дзейнічай лякальна” поўнасьцю стасуецца і адпавядае сутнасьці таго, што адбываецца ў краіне на беларускамоўнай рок-сцэне. Выканаўцы ня маюць ніякай падтрымкі ад сваёй дзяржавы, спадзяюцца толькі на сябе і клапоцяцца пра глябальную для Беларусі задачу – пра захаваньне роднай мовы і разьвіцьцё нацыянальнай культуры ў век IT-тэхналёгій. А на лякальным узроўні дзейнічаюць яны таксама адпаведна D.I.Y.--культурным прынцыпам: ствараюць непадцэнзурную сетку камунікацыяў, незалежныя выдавецкія структуры, дыстро (структуры, якія распаўсюджваюць дыскі з рок-музыкай і фолк-мадэрнам, рок-сымболіку, музычны самвыдат). Такія структуры ў Беларусі існуюць нават ва ўмовах нечуваных у Эўропе перашкод...
Праўда, на ўсе D.I.Y.-- прынцыпы прыжыліся на беларускай глебе. Не знайшоў у нашай краіне шырокай падтрымкі веганізм (строгае вэгетарыянства), стрэйт-эйдж (сьвядомая адмова ад алькаголю, наркотыкаў і сэксу—don’t drink, don’t drugs, don’t fuck), сквотэрства (захоп пустуючага жыльля), антыглябалісцкія пратэсты і дэманстрацыі і іншыя прыклады D.I.Y.— актывізму…
Але ж у кожнай эўрапейскай краіне свая спэцыфіка, калі найбольш праяўляюцца менавіта тыя ці іншыя асаблівасьці гэтага руху. Прынцыпы ж D.I.Y.—культуры ў Беларусі спрыяюць разьвіцьцю беларускамоўнай поп, фолк-мадэрн і рок-музыцы, дапамагаюць, каб яна была больш вядома слухачам у нашай краіне. А тое, што ў Беларусі вельмі шпаркімі тэмпамі ідзе распаўсюджваньне D.I.Y.—ідэй, як альтэрнатыва дзяржаўнаму лабіраваньню “ідэалягічна выверанага” музычнага прадукту (дазволенай папсе), не заўважыць і пераацаніць не магчыма.
І гэта абсалютна новая з’ява ў жыцьці маладога пакаленьня беларусаў, а таксама сапраўды фэномэн на эўрапейскім культурным тле. Гэты фэномэн мусіць разглядацца як новыя віды D.I.Y.—ідэалёгіі і культуры, што высьпелі і ўзялі свій пачатак у менавіта ў Беларусі.
Калі паспрабаваць падсумаваць працэсы, якія адбываюцца на супрацьлеглым сацыяльным полюсе -- сярод моладзі, якая знаходзіцца пад уплывам дзяржаўнага ідэалягічна-музычнага прэсінгу, то сёньня так горача любімыя імі Саша Папоў ці гурт “Тяни-Толкай” у жыцьці гэтых людзей не назаўсёды. Так, сёньня яны не любяць рок-музыку, панк ды хардкор, часта жывуць па прынцыпу “бухать-блевать”, размахваюць дзяржаўнымі сьцягамі на мерапрыемствах БРСМ і канцэртах “звёзд белорусской эстрады”...
Але праз 4-5 гадоў гэтыя маладыя людзі ўладкуюцца на заводы ці ў будаўніча-мантажныя ўпраўленьні, створаць свае сем’і. І іх адносіны да ўладаў не будуць такімі “запаралеленымі” на дзяржаўную таталітарную папсу. У рэшце рэштаў, ці выйдзе былы гопнік на пляц з патрабаваньнямі “Далоў” і “Беларусь ў Эўропу!” будзе залежыць не ад прадусарскага спрыту Кірылы Слукі ці мэлёдый Влады і “Нового Иерусалима”, а ад велічыні заробкаў, магчымасьці на іх пабудаваць жыльлё для сям’і, аплаціць адукацыю дзяцей і мэдыцынскія паслугі для сябе, набываць дастатковую колькасьць якаснага харчаваньня і г. д.
Калі такога не здарыцца, то на пляцы перад Домам урада пад бел-чырвона-белымі сьцягамі апазыцыі цяжка будзе адрозьніць сьвядомага прыхільніка беларускамоўнага року і былога гопніка...
Анатоль Мяльгуй
|