Навігацыя:
reshetka Галоўная
reshetka Словы пра Родную Мову
reshetka У абарону Роднай Мовы
reshetka Катэхiзiс навукi аб беларускай мове
reshetka Змагары за Родную Мову
reshetka Беларусы, якія ўзбагацілі навуку і культуру іншых
reshetka Любiць Радзiму - шанаваць Родную Мову
reshetka Сябры клюбу “Спадчына” - Роднай Мове
reshetka Мастакі ў гонар роднай мовы
reshetka У гонар Змагароў за родную мову і Айчыну


 Поле бітвы: FM-эфір

эсэ-агляд

...нельга не заўважыць, што на нашых радыёхвалях адбываецца замена расейскай папсы яе эрзацам беларускага паходжаньня – шэрай, менш тэхнічна дасканалай. Беларускі FM-эфір становіцца яшчэ больш занудным, безаблічным і нізкамастацкім. Атрымліваецца, што расейскай папсы, з якой цяпер так модна кпіць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, не стала менш. Як бы там не імкнуліся прадставіць яе “белорусским музыкальным продуктом”.

 

 

Краіна, дзе з “каждого утюга Пугачева поет”

Збываюцца самыя сьмелыя і неверагоныя прагнозы беларускіх культуролягаў – у недрах палітычнага рэжыму, які на працягу свайго існаваньня плянамерна дэманстраваў ігнараваньне нацыянальнага ў сваёй дзейнасьці (асабліва ўсяго, што тычыцца мовы і нацыянальнай гісторыі), высьпяваюць дзеяньні, якія, негледзячы на ўсе супярэчнасьці, працуюць на нацыянальную ідэю, спрыяюць разьвіцьцю нацыянальнай культуры. Прыкладам гэтаму хочацца назваць аднаўленьне менскай ратушы. І хоць археолягі і гісторыкі назавуць гэтую акцыю больш палітычнай, чым выкліканай культурнымі патрэбамі дзяржавы, прывядуць шмат прыкладаў валюнтарызму ў працэсе аднаўленьня каштоўнейшага помніка Менска, факт застаецца фактам – ідэя, якую так доўга адстойвалася нацыянальнай інтэлегенцыяй, рэалізавалася з дапамогай рэжыму, які гэтай інтэлегенцыяй ніякім іншым чынам не пазыцыяніруецца, як толькі антыбеларускім. І такіх прыкладаў становіцца больш.

Адным з апошніх у гэтым шэрагу можна лічыць пастанову, у якой патрабуецца, каб у беларускім FM-эфіру гучала не менш за 75 працэнтаў беларускай музыкі. Памятаеце суворую рэпліку Прэзыдэнта аб тым, што: “У нас Пугачева из всех утюгов звучит!” І хоць гэтае рашэньне выглядала як эмацыянальнае, яно трапіла ў кропку.

FM-эфір Беларусі да гэтага часу назваць беларускім можна было толькі з вялікай доляй іроніі. Хвалі радыёстанцый, падбоныя адна на адну, займаліся тым, што называецца “парасоўваньнем тавара” на мільёны даляраў, які трапляў у краіну без мытных падакаў. Гэтым таварам была і застаецца расейская папса. А Беларусь – самым надзейным бастыёнам яе на сваіх заходніх межах.

Фэномэн расейскай папсы палягае ў няшчаднай эксплёатацыі (білеты на апошні канцэрт, напрылкад, Філіпа Кіркорава ў Мінску каштавалі ад 25 да 95 тысяч рублеў) настальгію па “залатых” часінах савецкай эстрады, якая стала неад’емным атрыбутам савецкага ладу жыцьця. І таму многія грамадзяне незалежнай Беларусі (як і грамадзяне іншых рэспублік СНД), не саромеючыся мянушкі “савок”, не шкадуюць апошніх рубельчыкаў на сьвежы нумар “Комсомольской правды” альбо квітка на Киркорова ці “Фабрику зьвезд”... Цікава, што нашая краіна застаецца “зямлей абетаванай” дял расейскай папсы таму, што ў Беларусі самыя “лібэральныя” законы адносна выканаўцаў-замежнікаў, што гэтыя ж законы паралізуюць творчасьць і концэртную дзейнасьць мясцовых выканаўцаў, а таму тут застаецца незадаволеным попыт на музычныя відовішчы. Расейскую папсу не палохае беднасьць тутэшых сваіх прыхльнікаў, кішэні якіх амаль пустыя. Але калі запусьціць “рыначныя мэханізмы”: запрэгчы свой мэнэджмэнт і яго памагатых у Беларусі, то вынікі могуць быць даволі важкімі ў даляравым эквіваленце. Ды й не толькі Мінскам абмяжоўваецца Беларусь – попыт на прадукцыю ў стылі расійскай папсы ёсьць і на перефэрыі краіны. Там увогуле няма аніякага кантролю, галоўнае, не скупіцца на рэкляму. У выніку атрымоўваецца неблагая рэнтабэльнасьць канцэртаў, якую не праўнаць з канцэртамі ў той жа Ўкраіне. У Кіеве ці Львове, каб правесьці аналягічны канцэрт, трэба ўкласьці ўчацьвёра больш сродкаў, алі і ў такім выпадку акупаемы вынік там не будзе гарантаваны. На Ўкраіне нацыянальны шоў-бізнэс – самадастатковы і паўнапраўны гаспадар на прасторах краіны. Таму і сродкі ад продажу квіткоў, дыскаў і разьмеркаваньня эфіру застаецца ў краіне. Яшчэ больш безнадзейная сытуацыя для прышлых папсавікоў у краінах Балтыі, дзе традыцына з савецкіх часоў стаўку рабілі на нацыянальны музычны прадукт.

Значная роля ў бізнэс-плянах расейскага шоў-бізнэса адводзіцца FM-эфіру, пры тым, не толькі ў Беларусі. Гэта невыпадкова, бо слухачы радыёстанцый, якія звычайна настоены на іх хвалі, і ёсьць патэнцыянымі фінансавымі донарамі -- наведвальнікамі канцэртаў, пакупнікамі дыскаў. Важна, каб вядучыя радыёстанцый прадстаўлялі творы, якія будуць гучаць пад замову, як “апошні піск моды” ці “хіт на ўсе часы”. Бо пастаянны слухач гэтага радыё-фармату з-за свайго ўзросту ці мастацкай зарыентаванасьці вельмі непатрабавальны і ласы на кідкія этыкеткі, беспадстаўную пахвальбу і камплімэнты. Пакуль ёсьць такія слухачы, дагэтуль FM-эфір будзе працягваць ажыцьцяўленьне бізнэс-плянаў расейскага шоў-бізнэса.

Цяпер хацелася б спыніцца на самым галоўным у дзейнасьці FM-станцый: чаму іх ды-джэі-вядучыя з такой упартасьцю займаліся і займаюцца бессаромным падманам – “раскруткай” выканаўцаў, нізкамастацкіх калектываў і іх заведама безгустоўных твораў? Не сакрэт, што многія FM-станцыі, што вяшчаюць на Беларусі, ставораны з удзелам расейскага капіталу. Таму першае, што прыходзіць у галаву – іх фінансавая зацікаўленасьць. Але так галяслоўна сьцвярджаць – гэта значыць, парушыць прынцып прэзумпыцыі невінаватасьці. Як кажуць у народзе – не злавілі, не злодзей: афіцыйна не зафіксавана выпадкаў хабарніцкіх праплатаў расейскімі выканаўцамі беларускім FM-станцыям. Ды й мы не маем пракурорскіх правоў. Няхай такія факты, калі спатрэбіцца, высьвятляюць спэцыялісты з фінансавых органаў. Таму гэтую праблему закрыем асьцярожна – ёсьць немалая верагоднасьць таго, што ды-джэі беларускіх FM-станцый маюць матэрыяльную зацікаўленасьць, каб на іх радыё-хвалях гучала толькі расейская папса.

Назіраньні падказваюць і тое, што некаторыя ды-джэі гэтых станцый сьвята вераць у сваю культуртрэгерскую місію -- несьці беларускім слухачам, на іх думку, якасную, лепшую ў сьвеце расейскую папулярную музыку. А значыць, толькі расейская папса павінна гучаць у эфіры -- беларуская музыка да яе ўзроўню проста не дарасла. Такі падыход вельмі актуальны для самай кансэрватыўнай у гэтым сэньсе FM-станцыі “Русское радио”. І калі беларуская музыка будзе гучаць там, то яна абавязкова павінна па ўсіх парамэтрах – моўных, тэматычных, мэлядычных – падыходзіць да тэрміну “расейская поп-музыка”. Гэтай мэце – выхаваньню тутэйшай “расейская папсы” -- прысьвечаны праект “Русского радио” “Русские горки”. Для справялівасьці, заўважым, што на чарговым дыску гэтага праекта “Руские горки-2” ёсьць адна песьня па-беларуску гурта “Харлі”. Гэтым фактам робіцца заяўка на стварэньне “расейскай папсы” і на беларускай мове. Такі прэцэдэнт створаны і адпрацаваны ва Ўкраіне , з гуртом “Океан Эльзы”...

Мясцовыя ды-джэі заўсёды гаварылі пра фармат сваіх радыёстанцый, які, па-сутнасьці, самі яны і ўстанавілі. Бо не існуе ніякіх афіцыйных дакумэнтаў і тлучачэньняў, напрыклад, таго ж Міністэртсва інфармацыі адносна фармату для той ці іншай радыё-станцыі. Праграмныя мэнэджэры і FM-ды-джэі свой посьпех бачаць у тым, каб назву сваёй радыёстанцыі трывала асацыявалі с багатымі ўсходнімі зоркамі. Таму і прыдумалі “фармат” – неперадольны мур для музычных твораў, не падыходзячых да азначэньня “расейская папса”.

Гэтым тлумачыцца тое, што эфір беларускіх FM-радыёстанцыі быў падобны на тое, што па трапнай заўвазе журналіста В. Мартыненкі, нагадвала калізію галівудзкай стужкі “Дзень сурка”: з дня ў дзень, кожны тыдзень і месяц на хвалях гучалі толькі расейскія хіты, у прамежку з кампазыціямі заходніх рок-гуртоў і выканаўцаў. Беларуская музыка была прадстаўлена ў лепшым выпадку песьнямі ансамбля “Песьняры” ці “Верасы”. Нейкія зьмяненьні ў рэпэртуарнай палітыцы адвяргаліся апрыёрна. Такія факты не маглі не турбаваць беларускую грамадзкасьць, хоць бы з той нагоды, што расейская папса ўсё часьцей была прадстаўлена такімі “шэдэўрамі”, як песенкі с выразнымі наркатычнымі алюзіямі “Мари полюбила Хуана” альбо “Маленькая лошадка” Найка Борзова (пра гэта сьведчыць матэрыял у “Музыкальной газете” №2, 2000 г.) Ці такога кшталту “шэдэўры”:

В школьном коридоре, чтоб потом попить пивка,

С другом ты стреляешь деньги до последнего звонка.

Этим вечером на рэйве, про подругу не забыв,

Покупаешь в автомате для себя презерватив.

(з рэпертуару гурта “Русский размер”)

Гэтыя фактары і тлумачаць тое, чаму “пятая калёна” расейскай папсы і яе FM-крэатура ў Беларусі так хваравіта ўспрымала любыя згадкі пра тое, што працуюць яны на беларускіх слухачоў у незалежнай краіне, што існуе і беларуская папулярная музыка і не толькі на расейскай мове. Такая спроба была публічна зроблена падчас ток-шоў “Выбар” на Першым нацыянальным канале. Але выніку, зразумела, яна не мела.

Але гром грымнуў нечакана, і пры тым з самых высокіх нябёсаў – ад Прэзыдэнта Беларусі: Міністэрству інфармацыі РБ паступіла яго даручэньне аб тым, што ў беларускім FM-эфіры павінна гучаць не менш за 75 працэнтаў музыкі беларускіх выканаўцаў. Пры тым, гэта было паўторана двойчы, бо першы загад урада аб павялічэньні долі беларускай музыкі ў FM-эфіры быў па старой звычцы “прадынамлены”. Цяпер пад сякерай непрыемнасьцяў у выглядзе закрыцьця FM-станцый іх праграмныя прад'юсары і ды-джэі павінны працаваць па-іншаму, выконваць загад, які не абяцае ім лёгкага жыцьця.

Фіяска “тоже белорусской музыки”

Калі 4 студзеня пасьля Калядных сьвятаў я ўключыў свой FM-прыймач, то адразу трапіў на запіс вясёлага рок-н-рола “Баба Люба” ў выкананьні лідара гурта “Крама” Ігара Варашкевіча і падумаў: “Вось сапраўды, у FM-эфіры адбываюцца цудоўныя зьмены!”

Але пасьля таго, як “пабадзяўся” па эфіру, зрузумеў, што ўсё тут не так проста. Высьветлілася, што фармальна музыкі беларускіх аўтараў там стала больш, а вось расейскай папсы не паменшала. Парадокс, скажыце? Не, але паспрабудем разабрацца. Таму спачатку прапаную некалькі храналягічных зьветак.

Ужо 4 студзеня, пасьля ўводу ў дзеяньне загаду аб квоце на выкарыстаньне 75 працэнтаў беларускай музыкі ў FM-эфіры, па ўсіх каналах прайшло паведамленьне-рапарт аб тым, што: “Праграммны склад рэпэртуара на FM-станцыях -- 75 працэнтаў беларускай музыкі і 25 працэнтаў замежнай – строга выконваецца ўсімі радыёстанцыямі. Для гэтага многім FM-станцыям неабходна было зьмяніць сваю творчую канцэпцыю. Тым жа, хто гэтага не зарубіў можа быць не прадоўжаны кантракт на арэнду эфірных частотаў”. Здавалася б, даручэньне, якое было зроблена Прэзыдэнта РБ, выконваецца.

Але не прайшо і тыдня, як Міністэрства інфармацыі краіны вынясла суворае папярэджаньне тром FM-станцыям: “Юнистар”, “Хит- FM” і “Новому Радио”.

Прэзыдэнцкая газэта “Беларусь Сегодня” (пакуль больш вядомая пад старым назовам “Советская Белоруссия”, №10, 19.01.2005 г.) адразу адрэагавала першапалосным камэнтаром з назвай “Настройка эфира. Срок – 7 дней”: “Мера суровая, но ничего не возразишь…И Франция, и Германия, и другие страны жестко ставят вопросы приоритета своей культуры, в т. ч. песенной, перед «импортной». Да и откуда возьмутся ў нас звезды, если FM-станции будут, в конце концов, бесконечно крутить зарубежную попсу? Принятые меры сдвинули камень. Сейчас белорусские исполнители получили широкий доступ к эфиру.”[1] – робіць высновы журналістка Вікторыя Папова.

Так, зьмены ў FM-эфіры ёсьць. Але ці тычацца яны тых, да каго адносіцца дэфініцыя “беларускія выканаўцы”?

Першае, што было зроблена на FM-станцыях – гэта павялічылі долю песень тых выканаўцаў, якія ў свой час з’ехалі з Беларусі ў больш заможную Расею. Разьлік просты: расейская поп-музыка, яе фінансавыя інтарэсы ў Беларусі не пацерпяць, калі стане больш “былых беларусаў”. Тым больш, што сама Беларуская дзяржава пастаянна запрашае да ўдзелу ў канцэртах на стадыёне “Дынама” Антонава, Свиридову, Корнелюка, Агурбаш, БИ-2 на сваё самае вялікае сьвята – на Дзень Незалежнасьці. Не зважаючы на процьму сваіх “пракарытнікаў” ад эстрады.

Дайшло да сьмешнага: каб захаваць долю расейскай папсы ў беларускім FM-эфіры, “беларускія карані” былі адкапаныя ў Кузьмина, Буйнова, і нават у Алсу (!). Ды-джэі FM-станцый супраць гэтага падману нічога не мелі супраць. Вось як “Радио Минск” камэнтавала звышнарматыўную наяўнасьць песьні Антонова ў сваім эфіры: “Прозвучала песня Юрия Антонова. В продолжение звучит тоже белорусская музыка – ансамбль «Песняры», песня «Чырвоная ружа» (4. 01. 2005, 14.45.)

Да таго ж, мясцовыя ўмельцы пачалі “кляпаць” ды-джэйскія міксты на песьні расейскіх аўтараў – незначна зьмяняць рытмічны малюнак ці прыемы аранжыроўкі, дадаваць электронныя эфэкты -- і выдаваць іх за паўнавартасны “белорусский продукт”.

Але негледзячы на такія дзяцячыя хітрыкі і таннае махлярства, Міністрэства інфармацыі, відавочна, каб аблегчыць сабе працу, афіцыйна адчыніла звышнарматыўную “лазейку” у FM-эфіры для расейская папсы ў выглядзе “беларускіх каранёў”. Вось што на гэты конт заявіў “Советской Белоруссии” (№10, 19.01.2005 г.) намесьнік міністра інфармацыі Сяргей Булацкі, які адзначыў: “Кроме того, белорусским музыкальным продуктом можно считать не только песню в исполнении гражданина Беларуси. Это может быть произведение белорусских авторов или авторов, имеющих белорусские корни. Мировой опыт показывает, что все испытывают трудности на этом пути…»

Калі ж спасылацца на сусьветны вопыт, дык лепш зьвярнуцца да першакрыніц. Напрыклад, да “Отрытого письма в редакцию газеты Советская Белоруссия” ад 21 студзеня гэтага года, што быў туды накіраваны амбасадай ФРГ у Мінску. У ім гаворыца (на мове арыгінала): “Право на свободу прессы, относящееся к основным правам, обязательно и для этой сферы официальной культурной политики, нацеленной на сохранения национальной идентичности… Германский Бундестаг призвал несколько недель тому назад немецкие радиостанции добровольно принять на себя обязательства по увеличению звучания в эфире отечественной музыки.” Як далей мы ўбачым, падыходы да заваханьня нацыянальнай ідэнтычнасьці, ва ўладаў Беларусі і Германіі зусім розныя.

А сапраўдным жа сусьветным вопытам у той жа Францыі з’яўляецца вось такая практыка: нацыянальным творам там лічыцца толькі той твор, які выкананы на нацыянальнай мове ці з выкарыстаньнем нацыянальных элемэнтаў у музыцы, калі гэта тычыцца інструмэнтальных твораў. Не зважаючы на пашпартныя дадзеныя выканаўцаў ці месца пражываньня аўтара твора. Таму ў Францыі нацыянальны прадукт, які гучыць у FM-эфіры – песьні на роднай мове. Калі ў канадзскім Квэбэку ці ў франкафоннай вобласьці Бэльгіі выдаецца альбом з песьнямі на французкай мове, то яны лічыцца ўкладам у нацыянальную франкафонную культуру і маюць права на першачарговую трансьляцыю ў французскім FM-эфіры.

У Беларусі ж існуе практыка выкарыстаньня “сусьветнага вопыту” толькі ва ўрэзаным выглядзе, як зручна для тых, хто да гэтага вопыту апэлюе. Такі падыход у эканоміцы, навуцы, культуры заўсёды вядзе ў тупік.

Многія беларускія FM-станцыі ўвогуле аказаліся не гатовымі да новаўвядзеньняў. Напрыклад, “Мелодии века” цяпер аддаюць перавагу не музычным трансьляцыям, а круцяць расейскіх “хахмачоў” – Жванцекого, Задорнова, Новикову, Ветрова і іншых, якія не падпадаюць пад патрабаваньня 75 працэнтнай квоты на беларускую музыку.

Але ўсё ж, спакой чыноўнікаў Міністэртсва інфармацыі ў сувязі з праблемай выкананьня даручэньня Прэзыдэнта заябсьпечваюць, сапраўды, выканаўцы беларускага паходжаньня, грамадзяне краіны: Влада, Смолова, Сухарев, Слука, Хлестов, Грибалёва, Алеся, Жанет, Абалян, Мусвидас, Майсурадзе, поп-гурты «Новый Иерусалим», «Atlantica», «Стокс», «Тяни-Толкай», «Механика», «Мантана» -- усё тое, што мы бачылі на “незабыўным” шоў пад назвай “Песьня года Беларусі 2004 года”.

Але зададзімся правамерным пытаньнем: што беларускага, акрамя адзнакі ў пашпарце, у названых артыстаў? Меладычны малюнак, аранжырокі, тэксты “белорусского продукта”, якімі поўніцца сёньня FM-эфір, не вытрымліваюць аніякай крытыкі, бо з’ўляюцца абсалютам у бездумным капіяваньні той жа расейскай папсы. І гэта не выпадкова. Большасьць выканаўцаў з гэтай абоймы ўвесь час марыла пра посьпех у Расеі, пра тамтэйшыя супэр-прыбыткі і папулярнасьць. Хоць амаль усе яны падсьвядома ведалі: для таго, каб “раскруціцца” у Расеі патрэбны буйныя фінансавыя ўліваньні, і хоць нейкую цень артыстычнай адметнасьці. А такіх – невыразных, безгалосых і неарыгінальных – у суседняй краіне і сваіх пруд прудзі. Шанцы амаль нулявыя.

Цяпер, калі ў рамках 75 працэнтнай квоты на беларускую музыку, у іх з’явілася магчымасьць адзначыцца са сваімі “набыткамі” -- патрапіць у мясцовы FM-эфір. Але іх плян не абмяжоўваюцца толькі асадай радыёстанцый – бачна іх імкненьне да “акупацыі” ўсяго музычнага рынку Беларусі. Але гэтаму перашкаджае нежаданьне такіх зьменаў з боку беларускіх слухачоў. Такі варыянт на руку вядучых FM-станцый, бо, абапіраючыся на пратэст слухачоў, яны мараць пра вяртаньне мінулых парадкаў у FM-эфіры з панаваньнем у ім багатай расейскай папсы. Цяпер жа ды-джэі FM-станцыі вытрымліваюць час і, вобразна кажучы, “імітуюць аргазм” – захапленьне творчасьцю цяперашніх урадавых фаварытаў ад эстрады. “Находится на пути к вершинам популярности”, “Лидер белорусской поп-музыки”, “Невероятное количество проголосовавших за песьню...” – такія “адзнакі” нярэдкія для апісаньня мастацкіх вартасьцяў “новай” беларускай поп-музыкі.

Але галоўнае і відовочнае зьмяненьне ў музычным вяшчаньні – гэта з’яўленьне на кожнай FM-станцыі, якая трансьлюе “белорусский музыкальный продукт”, пафасных рубрык, якія павінны служыць фармальнаму разьмежаваньню паміж расейскай і рускамоўнай папсой тутэйшага паходжаньня. Каб не было блытаніны ў адказных асобаў. Сьмешна гучаць з вуснай цяперашніх FM-аракулаў заклікі і слоганы, кшталту: “Слушай наше!” (Радиус- FM), «Слушай своё на всех радиостанциях страны!» (Радио Минск), «100 процентов наше!» (Пилот FM), «Белорусский хит на Хит- FM». Гэта зразумела, бо «сваё» на іх хвалях выглядае горшай з копій “чужога”...

Што ж тычыцца галоўнага культурнага скарба нацыі – яе мовы, то цяперашнія “зоркі беларускай эстрады” над гэтым пытаньнем не задумваюцца: яе для іх не існуе. Праўда, у эфіры яшчэ застаюцца клясычныя творы “Песьняроў”, “Сяброў” ці “Верасоў” Але мэркантыльная моладзь не лічаць іх за сваіх папярэднікаў і да нацыянальнай мовы ставяцца адпаведна – яе ігнаруе, маўляў, на ресейскі рынак не выйсьці!

Гэтая тэндэнцыя, відавочна, супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якой выразна дэкларуецца роўнасьць моў у нашай краіне. Што казаць, калі цяперашні кіраўнік дзяржаўнага ансамбля “Песьняры” Вячаслаў Шарапаў у такіх умовах скардіцца на неўвагу: “Песьняры” оказались сегодня в некоем музыкальном андеграунде (г. зн. у культурным “падпольлі” – А. М.) Жанр, в котором работает коллектив – серьёзная песня, не позволяет «Песнярам» участвовать в национальных хит-парадах, рядом со случайными артистами.» Думаю, больш дакладна не скажаш пра тых, хто сёньня без упынку знаходзіцца ў ратыцыі ў FM-эфіры – “выпадковыя”!

Таму, верагодна, калі Прэзыдэнт зноў вырашыць паслухаць беларускую песьню ў FM-эфіры, то ён непрыемна здзівіцца розьніцы паміж рапартамі Міністэрства інфармацыі і тым, што гучыць у эфіры. Бо з прыймача яму давядзецца пазнаёміцца вось з такімі гітамі:

Самое сладкое место на теле

Будем искать мы в нашей постели!

(з песні А. Гайдук)

А вось з такой песні ён можа даведаецца, як на месцах сабатуюць Дэрэктыву №1:

Наш райончик на отшибе городском стоит,

Вся окраина там день и ночь стаканчиками гремит.

Ребята день и ночь горькую пьют, не зная фитнеса,

Все потому, что перспективы нет у бизнеса!

(з песні Серёги).

Магчыма, некаму да спадобы будзе такая песня на чужы матыў:

В Европу дверь пора открыть,

Горизонт” себе купить!

Што, цяперашні FM-эфір сьцерпіць усё: расейская папса беларускага кшталту зноў “звучит со всех утюгов”.

Яшчэ адзін “прыкол” мясцовага FM-эфіру: запіс на тэлеканале ОНТ і трансьляцыя на радыёхвалях рускамоўных рэміксаў на сусьветнавядомыя гіты ў выкананьні нашых папсавікоў. Няхай знаўцы ці аматары заходняй рок-музыкі паспрабуюць уявіць сабе баляду B. Adams’а ў выкананьні Аляксея Хлястова, ці гарачы соўл T. Turner у копіі Натальлі Тамелы, ці геніяльную песьню Sting’а ў вэрсіі “Нового Иерусалима”[2]? Добра, рэмікс на «вялікага і жахлівага» Marilyn Manson’а не даручылі стварыць Саше Попову --з іх станецца!

Не ведаю, як но ОНТ вырашылі праблемы з аўтарскімі правамі на гэтыя творы, але шкада, што міжнароднае аўтарскае права не мае норм, якія б дазвалялі штрафаваць аўтараў непрафэсійных апрацовак-кавэраў. Бо тое, што “накаверкалі” гэтыя выканаўцы пад патранажам ОНТ, не адпавядае ўзроўню арыгінала. Затое, цяпер замест якаснай заходняй музыкі мы маем “шчасьце” паслухаць любімыя песьні ў выкананьні “сваіх”. Ну, як у знакамітым анэкдоце: “Слухай, Сара, Beatles – гэта такая брыдота!” Сара: “Чаму ты так сцвярджаеш, Мойша?” Мойша: “Ды мне Салямон напеў іх песьні!”

Усю гэтую няпэўную сытуацыю з напаўненьнем 75 працэнтамі беларускай музыкі добра разумеюць тыя, каму даручана выкананьне даручэньня Прэзыдэнта. Нават “Советская Белоруссия”(у згаданым раней №10, 19.01.2005 г.) канстатуе: “Радиослушатели пишут в реадкцию, что недовольны тем, что радиостанции отдают предпочтение небольшой группе исполнителей. С утра до вечера теперь крутятся диски Алексея Хлестова, Алеси, Ларисы Грибалевой и группы «J_Морс”... Відавочна, што важная справа па абароне нацыянальнай культуры робіцца па старой бюракратычнай завядзёнцы. Тут бачыцца не імкненьне зрабіць эфір беларускім па-сутнасьці, а выканаць даведзеныя паказчыкі любымі сродкамі.

Нельга не адзначыць, што напаўненне беларускага FM-эфіру нацыянальным музычным прадуктам – працэс амбівалентны. З аднаго боку добра, што з беларускага FM-эфіру будзе павольна выціскацца расейская папса, будуць знікаць музычна-камерцыяныя праекты нетутэйшага паходжання. З іншага боку, нельга не заўважыць, што на нашых радыёхвалях адбываецца замена расейскай папсы яе эрзацам беларускага паходжаньня – шэрай, менш тэхнічна дасканалай. Беларускі FM-эфір становіцца яшчэ больш занудным, безаблічным і нізкамастацкім. Атрымліваецца, што расейскай папсы, з якой цяпер так модна кпіць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, не стала менш. Як бы там не імкнуліся прадставіць яе “белорусским музыкальным продуктом”.

Апошнім часам на FM-рынку сітацыя ўскладняецца тым, што вуснамі насесьніка міністра інфармацыі аб’яўлены плян па стварэньню ў Беларусі спэцыяльнага кардынацыйнага савета па праблемах прасоўваньня “нацинального музыкального продукта” і яшчэ больш прывабнай структуры – “государственного продюсерского центра в помощь организации записи и поддержки молодых исполнителей” (“Советская Белоруссия” №10, 18.01.2005 г.) Відавочна, што на эстрадным даляглядзе замаячылі немалыя фінансавыя сродкі, якія б маглі забясьпечыць безьбеднае імснаваньне на доўгі тэрмін шмат якіх тутэйшых “зорак”.

Гэтая навіна справакавала бум сапраўднай “падкавернай” валтузьні і гульняў у актыўнасьць на дзяржаўных тэлеканалах і FM-станцыях, вакол якіх атабарылася большая частка пастаўшчыкоў шэрага “белорусского музыкального продукта”. То СТВ свой поп-канвейер пад назвай “Хит-момэнт” адродзяць, то беларускіх слухачоў “адорыць” ОНТ чарговым праектам з удзелам тых жа “зорак”, што круцяцца вакол так званага форума “На перекрестах Европы” (ці як у народзе яго завуць “На задворках Еўропы”) “Первого национального канала”, то на Беларускім тэлебачаньні для ўсіх іх арганізуюць адборачны тур на “Эўрабачаньне”... Да таго ж, свае амбіцыі ёсьць на толькі ў сталічных “папсавікоў”, але і ў правінцыйных. Як зьвярнуць на сябе ўвагу, каб не застацца ля “разьбітага карыта”, калі пачнецца дзяльба грошай? Такое важнае пытаньне штурхае іх на экстраардынарныя дзеяньні. Напрыклад, прадстаўнікі гомельскай папсовай тусоўкі, карыстаючыся ажыятажам вакол хіта свайго земляка Сереги «Черный бумер», вырашылі штурмаваць эстрадны алімп з дапамогай той жа “Советской Белоруссии” (№14 25.01.2005 г. А.Новиков «Кто зажигает наши звезды»). І вось размахіваючы, як чырвонай анучай, сваімі напрацоўкамі ў галіне расейскай папсы, яны і спрабуюць “забіць” сваё месца з дапамогай ідэалягічнага цягніка ў выглядзе самай буйной афіцыйнай газеты краіны.

Такое ўражаньне, што хутка самыя тытуляваныя заўсёднікі гэтых каналаў і FM-эфіру зьвярнуцца да Прэзыдэнта з прапановай аб дзяржаўнай падтрымцы таго эрзаца расейскай папсы, якую ны так імпэтна прадукуюць, карыстаючыся кан’юнктурай у FM-эфіры.

Прэзыдэнту нічога не застанецца, як зноў паверыць ім і выдаткаваць сродкі на чарговыя бюракратычныя структуры і на тое, супраць чаго ён, калі дасканала разабрацца, і выступіў.

Беларускамоўная альтэрнатыва: на шляху да слухача

Ну а што ж, сапраўднай беларукай музыкі, песень на роднай мове стала больш у тутэйшым FM-эфіры? Калі падыйсьці статыстычна, то павялічэньне існуе. Хоць і не такое відавочнае. Але адчуваецца, што ўзрастаньне долі беларускамоўнага прадукту ў радыё-эфіры мае эмацыянальныя карані (!). Справа ў тым, што за пультамі FM-радыёстанцый дзяжураць таксама людзі. Не ўсім з іх абыякавыя беларуская музыка і мова, многія да гэтых аспэктаў ставяцца даволі прыхільна. У таму ў пратэст супраць эфірнага панаваньня бездарнасьцяў і творчай безаблічнасьці, для “ўстраскі” слухачоў яны часьцяком “круцяць” хіты “N.R.M.” альбо кавэры на іх песьні (дзякаваць таму, што выдадзены трыб’ют на песьні гэтага гурта “Віза N.R.M.”), песьні “Крамы”, “Уліса”, “Троіцы”, “P.L.A.N.”, Дзм. Вайцюшкевіча. Такія настроі назіраюцца на некаторых больш “прасунутых” радыёстанцыях. Але пералічваць назвы – гэта зрабіць ім “мядзьвежую паслугу”.

Іншыя ж, FM-станцыі абмяжоўваюцца хітамі “сьвятой троіцы” беларускай эстрады мінулага – “Песьняроў”, “Сяброў” і “Верасоў”, некалькімі кампазыцыямі праекта “Крамбамбуля” і некаторымі песьнямі іншых гуртоў. Дзіву даесься, калі перасілеўшы сябе, вырашаеш адслухаць некалькі гадзін запар адну і тую ж FM-станцыю. Беларускай музыкі там не больш 20-30 працэнтаў. Асабліва гэта тычыцца FM-эфіру, які знаходзіцца пад патранажам БРСМ. Тут ужо Міністэрству інфармацыі “гарчычнікі” час з кішэні выцягваць!

Беларускія музыкі больш радыкальна ставяцца да загада аб 75 працэнтнай квоце на беларускую музыку ў FM-эфіры. Вось якімі думкамі падзяліўся са мной лідар гурта “P.L.A.N.” Андрэй Плесанаў: “Лічу, што ідэальны варыянт, калі на беларускіх радыёстанцыях будзе гучаць стопрацэнтна беларуская музыка! Разумею, што гэта, нажаль, пакуль немагчыма па аб’ектыўных прычынах. Але калі разглядаць гэтую праблему з пазыцыі грамадзян незалежнай эўрапейскай краіны, народ якога мае сваю адметную культуру, то гэтая мара не здаецца нейкай ілюзіяй! Мне хацелася, каб вядучыя радыёстанцый трохі перайначыліся і з большай ахвотай трансьліравалі лепшую беларускую музыку розных жанраў у наш радыё-эфіры.

Прыемна, што вялікую ўвагу да торчасьці грута “P.L.A.N.” выказваюць на Першым нацыянальным радыёканале, дзе пастаянна гучаць нашыя песьні. Творы гурта частыя госьці на хвалях “Радыё Мір”, “Аўта-Радыё”, “Новага Радыё”, куды я сам адвозіў дыскі гурта “P.L.A.N.”. На “Альфа-Радыё” песьня “Туман-бацюхна” з нашага чацьвертага альбому “Пёсэнькі самотнага ліцьвіна” ўжо ў 2002 годзе знаходзілася два с паловай месяцы на першым месцы ў хіт-парадзе гэтай станцыі. Думаю, што толькі цяпер пачнецца праяўляцца большая цікаўнасьць да песень беларускіх гуртоў і выканаўцаў.” (“Голас Радзімы №7-8 2005 г.”).

З шэрагу “шэрых” FM-станцый выдзяляецца, бадай, толькі мінскае “Аўта Радыё”. Слухаючы іх радыёперадачы, упэўніваесься ў тым, што беларускага музычнага прадукта на яе хвалях трансьлюецца як раз 75 працэнтаў. Бо толькі на “Аўта Радыё” можна пачуць дакладна вызначаныя сэты, прысьвечаныя паасобку беларускамоўнай музыцы, беларускаму фальлору і фолк-мадэрну, музыцы на рускай мове тутэйшага паходжаньня, песьням расейскіх выканаўцаў, клясыцы рок-музыкі, інструмэнтальнай музыцы і песьням бардаў...Акрамя гэтага на “Аўта Радыё” ствараецца адна з лепшых перадач, прысьвечаных зоркам беларускай поп і рок-музыкі -- “Каля-Рока”, аўтарка якой лідар гурта “Яр” Маша Лагодзіч.

Прыклад “Аўта Радыё” сьведчыць пра тое, што ўсе стогны пра тое, што “...кроме означенных артистов (А. Хлестова, Алеси, Л. Грибалевай, J_Морс –А. М.) в эфир ставить некого – не позволяют технические характеристики фонограмм и качество самого продукта” (“Советская Белоруссия” №10, 19. 01. 2005 г.) – проста хлусьня. Відавочна, што знайсьці фанаграмы магчымасьць ёсьць і іх якасьць адпавядае тэхнічным запатрабаваньням беларускіх FM-станцый.

Ну а тое, што сапраўднай беларускай музыкі хапае, можна ўпэўніцца, калі зірнуць у каталёг толькі аднаго выдвецкага лэйбла BMAgroup – больш за 40 беларускамоўных выканаўцаў, ад старажытнай, да сучаснай музыкі розных стыляў. Толькі за мінулы год былі перавыдадзеныя боксэт з трох дыскаў з клясічнымі альбомамі гурта “Уліс”, ангаламоўны і канцэртны альбомы “Крамы”, цудоўны блюз-рокавы альбом гурта “P.L.A.N.”, дыскі маладых выканаўцаў “Indigo”, фолк-мадэрн-гурта “OSIMIRA”. З’явіліся новыя альбомы застольнага праекта “Крамбамбуля”, Зьміцера Вайцюшкевіча і гурта “WZ-orkiestra”, гуртоў “Тэзаўрус”, “Стары Ольса”, выйшла вельмі прэзэнтабэльная зборка “Генэралы айчыннага року”, лірычны альбом барда Віктара Шалкевіча і інш. А гэта э каталог тольк адной выдавецкай суполкі, якіх у Беларусі ўжо даволі шмат, і ў кожнай з іх ёсьц што прапанаваць ў трэк-лісты мясцовых FM-станцый.

Думаю, што сёньняшняя сытуацыя з увядзеньнем 75 працэнтовай квоты на трансьляцыю беларускай музыкі павінна прымусіць і беларускамоўных выканаўцаў больш пільна ставіцца да патрэб FM-эфіра. Напрыклад, плянаваць на кожным альбоме мінімум 2-3 кампазыцый ці dj-міксаў, створаных спэцыяльна для FM-ратацыі. Гэта перакрэсьліць закіды некаторых праграмных дырэктараў FM-эфіру наконт таго, што ўся беларускай поп і рок-музыка залішне “грузит”, г.з. занадта рэзкая і цяжкая па гучаньню, сур’ёзная і праблемная для разуменьня. Маўляў, часы “Led Zeppelin” ці “Deep Purple” ў эфіры FM-радыёстанцый мінулі.

Да таго ж, музыкам трэба самім клапаціцца пра тое, каб фанаграфічныя навінкі апэратыўн траплялі на FM-станцыі. Якім чынам гэта будзе ажыцьцяўляцца, не так істотна, але важна, каб дыскі з беларускай музыкай траплялі не толькі ў фанатэкі да слухачоў, але на радыёстанцыі і ў трэк-лісты ды-джэяў у якасьці партнэрскай узаемадапамогі.

Заўважана, таксама, што пэрыядычнасьць радыё-ратацыі наўпрост зьвязана з ратацыяй на тэлебачаньні. Напрыклад папулярнасьць твораў застольнага праекту “Крамбамбуля” была зьвязана і з вельмі настраёвымі відэа на песьні “Абсэнт”, “Госьці”, “Люблю”, якія доўгі час “круцяцца” на Першым музычным канале. Гэтыя ж хіты – самыя папулярныя з беларускамоўных на хвалях многіх FM-станцый. А такія выканаўцы, як гурт “Zig-Zag” сваёй вядомасьці і ратацыі ў FM-эфіры абавязана толькі ўдалым відэа-кліпам. І тут ёсьць над чым паразважаць лідарам беларускай поп і рок-музыкі – гуртам “N.R.M.”, “Уліс”, “Крама”, “P.L.A.N.”, “Троіца”, відэа-кліпаў якіх прычакаліся іх слухачы і прыхільнікі. Магчыма, гэта зрушыць непарушны мур маўчаньня вакол іх творчасьці ў сродках масавай інфармацыі і ў FM-эфіры.

Насуперак палітычнаму ціску і “шэрай” папсе

Уся гэтая сытуацыя замоўчваньня, якая склалася вакол беларускамоўных выканаўцаў, мае палітычныя карані. Бо яшчэ гадоў 15-20 таму, калі з’явіліся такія гурты як “Бодна”, “Мроя”, “Уліс”, “Рэй”, “Блізьняты”, Беларускае тэлебачаньне і радыё даволі часта прадстаўлялі эфір гэтым выканаўцам, часта прадстаўлялі сваю трыбуну для тлумачэньня іх падыходаў па стварэньню нацыянальнага музычнага прадукта. Прайшоў час, пачалася эпоха перабудовы, савецкія рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі...

Тагачасныя ідэалягічныя кіраўнікі вырашылі, што беларускамоўныя выканаўцы занадта палітычна небясьпечныя, як “нацыяналісты”. Са свайго боку, тады маладыя гурты і выканаўцы, у адказ пачалі выказваць свае адносіны да палітычнай сытуацыі ў краіне. Хоць песень палітычнага зьместу ў іх рэпэртуары было не шмат.

І такія непрызныя адносіны паміж уладай і беларускім рок-рухам сёньня перарасьлі ў “халодную вайну”. Яе чыньнікі – негалосная забарона на трансьляцыю песень некаторых гуртоў і выканаўцаў у FM-эфіры, звальненьне музыкаў з дзяржаўных канцэртных арганізацыяў, аднаўленьне “літаваньня” тэкстаў і перашкоды ў канцэртнай дзейнасьці – з кожным днём нарастаюць.

Беларускія ж музыкі, у сваю чаргу, у адказ на ўціск, не прамінаюць выказваць свае адносіны да таго, што адбываецца ў краіне – яны частыя госьці на мітынгах і акцыях апазыцыі. І гэта ўжо тычыцца не толькі беларускамоўных выканаўцаў, але і ўсяго таго, што адносіцца да музычнага андэграўнада: іх fuck’і ўспрымаюцца маладымі слухачамі ўжо як сьмелыя палітычныя заклікі. Да якога накалу дайшло супрацьстаяньне, можна атрымаць уяўленьне з факту выданьня падпольнага альбому “БУМэранг”, якое ажыцьцявіла ў Маскве новая грамадзка-музычная фармацыя – Беларуская ўнія музыкаў (БУМ). Яна створаная як рэакцыя на гэтыя рэпрэсіі. Дзякуючы такой “раскрутцы”, дыск стаў добрай падставай для знаёмства з беларускімі выканаўцамі і гуртамі ва ўсіх краінах СНД. Як самі музыкі кажуць, дзякуй уладам за такі прамоўшн!

Нагадаю, што гурты “N.R.M.” і “Крамбамбуля” публічна падтрымалі кандыдата на пасаду ўкраінскага прэзыдэнта ад апазыцыі Віктара Юшчанку, “выбухова” выступіўшы ў канцэрце на майдане Незалежнасьці ў Кіеве. І гэта ў той час, калі з Беларусі ўжо прыйшлі віншаваньні кандыдату ад улады Віктару Януковічу! І апошняя кропка ў супрацьстаяньні, якое вядзе да зьбяденьня беларускай культуры ўвогуле, правінцыяльнай шэрасьці нашага тэле і радыё-эфіру, яшчэ не пастаўлена.

Разьвіцьцё сытуацыі вядзе да таго, што беларускамоўныя выканаўцы ўсё часьцей зьвяртаюць свае позіркі ў бок Захаду, дзе яны знаходзяць і падтрымку, і канцэртныя пляцоўкі. Іх музычныя творы цяпер усё часьцей можна пачуць на хвалях FM-радыёстанцый Украіны ці Польшчы, Швецыі, Чэхіі і іншых краінах, чым у сябе на радзіме.

Не ўяўляю сабе сытуацыі, калі беларускія ўлады аб’явяць амністыю беларускамоўнай рок-музыцы: дазволяць гуртам бесьперашкодна выступаць на тэлебачаньні, дазволяць ратацыю іх песень у FM-эфіры, здымуць фінісавую блакаду і абмежаваньні з іх канцэртнай дзейнасьці. Менавіта так зрабілі ўлады Расіі, калі там вырашылі нэўтралізаваць музыкаў-рэвалюцыянэраў з “Машины времени”, “Аквариума” і “Алисы”... Цяпер гэтыя гурты – частка дзяржаўнага ідэалягічнага апарату. Іх творчы лёс сапраўды варты жалю, хоць з камэрцыйнага пункту гледжаньня ў іх поўны парадак.

Але ў Беларусі склалася вельмі спрыяльная сытуацыя (у нечым нават унікальныя ва ўсёй Еўропе) для творчасьці, для пошуку адметных нацыянальных музычных гучаньняў і формаў. Бо прымушае музыкаў ўвесь час няспынна рахуцца наперад, самастойна шукаць шляхоў да слухачоў на радзіме, а, таксама, у Еўропе, супрацьстаяць пашласьці і безгустоўнасьці ў сваёй роднай краіне. У такім неспрыяльным рэжыме беларускамоўныя выканаўцы працуюць ужо не мала гадоў, але зрабілі такі важкі ўнёсак у нацыянальную культуру сучаснасьці, што дзяржаўным выканаўцам спатрэбіцца на гэта стагодзьдзі. І безупынная ратацыя ў эфіры шэрасьці ў выглядзе расейскай папсы з беларускімі каранямі дрэнная дапамога, тым хто сёньня ў фаворы ў FM-эфіры, як і самі гэтым радыёстанцыям.

 

Анатоль Мяльгуй

 


 

[1] Усе цытаты і камэнтары з прэсы, прозьвішчы поп-зорак працытаваны на мове арыгінала іх выданьняў і песень. Гэтым хачу падкрэсьліць моўны дыскурс узьнікшай дыскусіі. А. М.

[2] Некалькі заўваг адносна гэтага хрысьціянскага, як яны сябе пазыцыянуюць, гурта, якія  на “Песьні года Беларусі-2004” названая лепшым. Па-першае, ці могуць яны лічыць сябе спраўнымі хрысьціянамі, калі з-за камэрцыйных памкненьяў парушаюць хрысьціянскія каноны: у іх репертуары няма песень на роднай мове. А як жа Біблія, у якой чытаем: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было на пачатку ў Бога”  (Яна I 1-2. пераклад В. Сёмухі).

Другое. “Новый Иерусалим” ужо атрымаў свой пэрсанальны “мене, мене, текел, упарсін” (Дан. 5 25-26) ад уладаў: газэта “Совесткая Белоруссия” (у дадатку “ТВ твоего дома” ад 10-16. 01.2005 г.) “рассакрэціла” веравызаньне ўдзельнікаў гурта, распавёўшы пра “...миссионерские призывы христиан-баптистов”. А гэта не самя лепшая рэкамэндацыя ў праваслаўнай краіне. Напэўна пара задумацца, каму і чаму служыш!

       
Сайт распрацаваны Андрусём Крэчкам